Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цела не хоча трымацца на вадзе і тады зноў хутчэй лёг на ваду грудзямі і, ужо зусім не валодаючы сабою, плыў наўздагад у напрамку да берагу, плыў, пахвілінна акунаючыся ў ваду ледзь не ўсёй галавой. Вада наплывала ў рот, у нос і вушы і перамагала, перашкаджаючы дыханню. Стомленае цела не хацела трымацца на вадзе і ўсё часцей і часцэй зрывалася, ападаючы ўніз у чорную бездань. Здавалася, яшчэ адзін момант і ўсё будзе скончана, бо рукі адмовяцца грэбсці. Захацелася крычаць, клікаць кагось на дапамогу.

— А вы спакайней, — сказаў нехта з боку. — Лягайце грудзямі на маю руку, вось так.

Галынскі адчуў, як нешта лягло пад грудзі і прыўзняло іх, і тады-ж убачыў, што побач з ім плыве зусім незнаёмы яму чалавек. Прысутнасць гэтага другога адразу вярнула ўпэўненасць у сваіх сілах.

— Прабачце. Я вельмі ўдзячан вам. Без вас маё становішча было-б даволі незайздросным. — Ён паспрабаваў усміхнуцца. — І ўмею добра плаваць, а вось неяк здаў, раптам, нечакана… Вельмі ўдзячан. Цяпер я паплыву сам.

— Гэта здараецца. Варта згубіць упэўненасць і цела пачынае ісці на дно.

— Я хацеў даплыць да таго берагу, — Галынскі кіўнуў галавой у бок алешын. — Пасля зірнуў пад сябе ў ваду і збаяўся, што не даплыву, і страціў, сілы.

Падплылі да берагу. Першым на ногі стаў і палез на бераг незнаёмец. З берагу ён нагнуўся, каб падаць Галынскаму руку. Падымаючыся за яго рукой з вады, Галынскі цяпер змог разгледзець рослага, шырокага ў плячах, мужчыну.

— Цяпер адпачніце, прафесар, — запрапанаваў незнаёмец, і Галынскі, здзіўлены такім зваротам, уставіўся поглядам у ягоны твар.

— Я сустракаў вас яшчэ ў Пецербурзе, — вытлумачыў незнаёмец.

— З кім-жа я маю гонар гаварыць?

— Я тутэйшы настаўнік. Спрабаваў вучыцца ў Пецербургскім універсітэце і ў тыя часы часта чуў ваша імя.

— Як разумець вашае «спрабавалі вучыцца»?

— Па раду прычын я вымушан быў пакінуць універсітэт. Гэта не можа цікавіць вас.

— Наадварот, нават вельмі цікавіць і, калі можаце, я прасіў-бы назваць прычыны.

— Я быў арыштаваным, а пасля мяне паслалі сюды жыць.