Галынскі прачытаў верш і, не стрымаўшыся, раптам голасна зарагатаў.
— Ха-ха! У самы-б раз пачытаць гэта прафесару-земцу… Ха-ха-ха! — І гэтак-жа раптам змоўк. — А мне?.. — зноў наўгад эазгарнуў кніжку і, шырока ўсміхаючыся, некалькі раз голасна прачытаў радкі, якія трапілі на вочы.
|
„Как дивно солнце ни свети, |
Тады згарнуў кніжку, паклаў яе на стол і, асцярожна ступаючы па падлозе, каб не парушаць цішыні, што ўсталявалася ў пакоях, пайшоў на веранду. Парашыў ён пасядзець колькі хвілін на верандзе, а пасля схадзіць на возера пакупацца. Апынуўшыся ў суседнім з верандай пакоі, ён спыніўся і застыў на месцы. На верандзе Пілацееў гутарыў з сваім аканомам. Аканом, высокі, цяжкі чалавек, цэлыя дні снуе то дзесьці ў полі, то па дварэ, тупаючы цяжкімі ботамі, з высокімі, аж за калёні, халявамі і бесперастанку выцірае вечна ўспацелы свой лоб. Галынскага асабліва здзівіла адна аканомава прывычка. Ён ніколі не адзяе на галаву шапку, але абавязкова носіць яе з сабою ў левай руцэ, куды-б не ішоў, ці далёка, ці блізка. У аканома на галаве лысіна. Лысіна заўжды потная, але аканом выцірае пот толькі з ілба: правядзе насовачкай па ілбу раз, другі, сатрэ з ілба пот і, акурат, калі Галынскаму хочацца, каб ён выцер і лысіну, схавае насовачку ў кішэнь. Ад гэтага заўжды назаляе Галынскаму неадчэпнае жаданне выняць з кішэні сваю насоўку, падыйсці да аканома і сцерці з ягонай лысіны пот, які трымаецца на ёй густымі буйнымі кроплямі.
За час, які жыве ў гасцях у Пілацеева Міхаіл Палікарпавіч, ён змеціў шмат чаго новага для сябе ў натуры Пілацеева. Гэнае новае і цікавіла, бо неяк не вязалася яно з агульным уяўленнем аб прафесары Пілацееве, дэпутаце Дзяржаўнай думы.
Здзівіла Галынскага ягоная хітрасць, уменне прытварацца. Пра што-б ён не гаварыў у прысутнасці старонніх, ён заўжды ўмее быць незвычайна спакойным і добрым. Спакой асабліва ў пальцах рук. Гаворыць ён, паклаўшы тонкія пальцы рукі на краі стала, і трымае іх выцягнутымі, нібы напаказ выстаўляе. А Галынскі адгадаў, што робіць ён гэта свядома, так, каб па руцэ кантраляваць сябе. Спакой і добрасць у Пілацеева знікае, калі ён гаворыць з кім-кольвеч адзін-на-адзін, ці то з аканомам, ці то з жонкай. У такі момант акурат і патрапіў цяпер на веранду Галынскі. Пілацееў стаяў, перавесіўшыся цераз стол, ушча-