ПАДЗЕЯ ШОСТАЯ
Сыта палуднавалі. Пасля полудня адпачывалі ў пакоях, а пазней, напіўшыся кавы, гулялі ў садзе, блукалі па сцежках, пасыпаных жоўтым пяском і гутарылі.
Пілацееву ільсціла, што малады і даволі вядомы прафесар-хімік Галынскі, вядомы ў Пецербургу, як крайні радыкал у сваіх палітычных пераконаннях, прыехаў да яго на час летніх вакацый. У Пілацеева ў сувязі з гэтым былі свае меркаванні. Ён дэпутат Дзяржаўнай думы. Як такі, ён лічыць сябе пераконаным земцам. Слава такая даходзіць і ў гэныя месцы, на ягоную радзіму, і Пілацееву хочацца, каб гэная слава стала большай. А пашырэнню такой славы, як нішто іншае, можа садзейнічаць прысутнасць Галынскага, ягоныя разважанні ў прысутнасці пілацееўскіх суседзяў і знаёмых.
— Вось сюдэю хадземце, я пакажу вам пітомнік. Гэта справа майго агранома… Незвычайны чалавек, я вам скажу.
Па-над сцежкаю плавалі ў цёплым паветры пярэстыя матылі, снавалі ў паветры ўзорыстыя фантастычныя тканіны. Нізка над самай зямлёй гудзелі чмялі і пчолы. Сытыя ад мёду пчолы падалі на пахучыя краскі і калыхаліся на лёгкіх іхных сцяблах, упіваючыся салодкім ліпкім мёдам. А над густым царствам красак, паклаўшы цяжкое ад пладавіны галлё на арэхавыя падпоркі, стаялі радамі шырокія куртатыя яблыні. З галін спакойна і ўрачыста звісалі буйныя яблыкі. Яблыкі загаралі на сонцы, ружавелі, наліваліся празрыстым вінным сокам і пахлі. Пахла яшчэ скошаная ў ранку павяўшая трава.
Збоку, паміж бэзавых белых кустоў, мільганула і знікла