згорбленага чалавека. Потым і ён, гэты вобраз, растаў, расчыніўшыся ў густым месяцавым святле, і знік. А за гэтым ужо і прышла радасць. Была яна, гэтая вялікая радасць, ад сілы і маладосці і была звонкай яна, як і сама маладосць. Радавала ўсё: і адчуванне поўных сіл сваіх і пачуццяў, і наскрозь прасветленыя месяцам кавалкі хмар, што блукалі ўгары; і рэдкія, у лагчынах, туманы, якіх не кранаў яшчэ вецер, і пакінутая далёка ззаду, чорная паска ценю, што паслалася пад дубамі.
Казачнай велічыні лятучая мыш прыляцела з надхмар’я з поўначы і над паловай зямлі распрасцерла свае шэрыя крыллі. І ціхімі ветрамі ад сенажацей, дзе, дрымотна булькаючы ў крывых берагах, цячэ Хвошчаўка, нясмела дыхнула на дарогу ноч. Ад подыхаў яе ўсё навакол налівалася малочным, працэджаным праз частыя сіты пушыстых хмар, святлом і змянялася. Залацістыя ўдзень, жыты цяпер мутнавата бялелі, а затуленая ценямі знаёмая далечынь сваёй дарогі была казачнай, нябачны канец яе губіўся дзесьці за небасхілам, дзе аплывала на зямлю густая цёмная блакіць. У далечыні той плавалі цяпер шматгалосыя непазнаныя гукі і вабілі пайсці за сабой у нязмерны прастор зямлі, якому нідзе няма краю. Ад гэтага не было краю і маладым чалавечым сілам.
Даўгая і вузкая слалася наперадзе паміж жытамі паска дарогі. З палявых прастораў плылі над дарогай далёкія цёплыя ветры.
Калі Буднік ступіў на даўгую шапятоўскую вуліцу, вёска канчала свой перажыты дзень. У рэдкім ужо дварэ парадкавалі, запазніўшыся, жывёлу, ды дзе-ні-дзе курыў мужчына, нерухома стоячы пасярод двара ў белай вопратцы, гатовы да сну, і пазіраў у неба, каб угадаць заўтрашняе надвор’е.
У другім канцы вуліцы, расцягваючы словы, спявалі дзяўчаты. Песня будзіла пачуцці і ўтаймоўвала іх. Спакойна напластоўваючы мыслі, яна прымушала чалавека па-інакшаму бачыць наваколле і глыбей адчуваць яго.
|
Ой, насі злота, не хіні к грудзям. |
Пелі дзяўчаты на прызбе пад калядовай хатай.
Цераз колькі хат пасля калядовай быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй, цераз выган у шырокі палявы прастор. Там-жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Калі Буднік прышоў да школы, яго чакалі. На высокім школьным ганку на лаўцы сядзеў Мікода Жук.