стыя чорныя цені. Яны затрымаліся на твары на адзін толькі момант, потым парадзелі і сплылі і Буднік убачыў як дрыжэла, пераліваючыся на дубовым лісці, серабрыстае месяцава святло.
За дубамі адразу пачынаўся мурожны поплаў. Тулячыся краем сваім да дарогі, ён далёка ў баку клінам уразаўся ў жыта. Няскошаная, яшчэ ў самай сіле сваёй, трава цяжалела ад буйнай расы. Калі выставіць руку і патрымаць яе хоць хвіліну далонню ўгару, адчуеш, як густа кладзецца на далонь раса. Далей, павяртаючы за поплавам у жыты, выпроствалася дарога, даўгая і вузкая.
— У самы раз касіць цяпер, — зноў абазваўся хворы. — Людзі ў двор у заработкі будуць хадзіць, а я на прызбе, як прыкаваны, буду сядзець, з дзецьмі, у цацкі буду гуляць з імі… навошта-ж мне гэта? — пакрыўджана пытаў ён.
Ідзе ён пасярод дарогі і шырокімі расходжанымі ступнямі босых ног мякка шлёпае па пяску. А Буднік, павольна перастаўляючы ногі, нейкі час пазірае на свае, парыжэлыя ад пылу, гамашы. Ідзе ён сцежкай каля самага жыта. З жытніх каласоў ападае серабрыстае месяцава святло, цячэ па саломе і капае на зямлю паміж жытнімі сцёбламі, на сцежку і на гамашы. Гэтым святлом шчодра паліты ўвесь жытнёвы прастор. Яно цярушыцца з самай гары, з надхмар’я, дзе, паволі гойдаючыся ў рэдкіх туманах, павіс месяцаў рог.
Цярушыцца і ападае дробнай расой на жыта, а яно, дрымотнае ад коласавай буйнасці, ціхімі хвалямі схіляецца то ў адзін, то ў другі бок па ўсяму прастору, як толькі хапае вокам. У такі час ад земляных багаццяў і ад сілы яе ідзе ў чалавека зайздрасць.
— І ніколі мы за ўвесь свой век не пажылі, як людзі, ні разу не пад’елі ўволю, — гаворыць глыбока пакрыўджана чалавек. — А я так-бы рабіў, я-ж так люблю працу…
Як толькі падышлі да сцежкі, што нацянькі вяла праз жыты да гумнаў, ён прыпыніўся, каб развітацца. — Я сюдэй пайду, — сказаў ён, паказаўшы рукой у прасцяг сцежкі на ўзгорак, за якім мясціліся вясковыя гумны. — Я ў пуні сплю, туды і пайду адразу. — Чалавек павярнуў з дарогі і пайшоў сцэжкаю, а настаўнік зразумеў, што пайшоў чалавек ад яго на сцежку не таму, што бліжэй, гэтак ісці, а каб не распальваць сябе зайздрасцю да чужога здароўя.
Ідучы па дарозе, Буднік пазіраў услед чалавеку. Вось толькі што хісталася над жытам ягоная згорбленая постаць. Потым плыла над жытамі адна яго галава, а хутка і яна знікла, патануўшы ў жыце за ўзгоркам, а перад вачыма ў Будніка яшчэ нейкі час маячыў вобраз высокага