разгублена, не ўмеючы дапамагчы, пазіраў на чалавека. Але хутка прыпадак скончыўся. Чалавек змоўк, паволі выпрастаўся і сядзеў, цяжка дыхаючы, не кранаючыся з месца, не верачы яшчэ, што пакуты скончыліся. Седзячы на траве, ён па-звярынаму дробна дрыжэў і задаволена мармытаў нешта неразборлівае, прыслухоўваючыся, як прыемна сціхае боль. А яшчэ цераз хвіліну, не спяшаючыся, асцярожна падняўся з зямлі.
— Дык чаго-ж гэта вы ў кусты хаваецеся? — запытаў настаўнік, пераканаўшыся, што боль у чалавека прайшоў.
— Людзей саромлюся. Я-ж малады яшчэ… можа вам і равеснік толькі яшчэ.
Настаўнік уважліва ўглядзеўся ў чалавека. Гэта быў далёка яшчэ нестары па гадах мужчына. Але твар ягоны, аброслы барадой і дачасна спаласаваны маршчынамі, сведчыў, што чалавек гэты пастарэў без пары, раз і назаўсёды згубіўшы ў адзін час свае сілы. Ён павольна ішоў цяпер поруч з настаўнікам, нясмела ступаючы на зямлю, баяўся, каб не спатыкнуцца.
— Вось так як хопіць, дык хоць жывым у зямлю лезь, — загаварыў ён. — Усяго-б я ацураўся, нічога-б я на свеце не хацеў, каб толькі ў жываце так не балела… баліць — сіл маіх няма, а людзі не вераць, думаюць — прыкідаюся. А якое-ж тут прыкіданне, калі сарваны я?
І ўжо зусім заспакоены, ён клапатліва і падрабязна апавядаў новаму чалавеку пра сваю хваробу.
— А часта бывае такі боль? — запытаў настаўнік.
— Часта. Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз-другі, жывот і хопіць. Тады кідаюся на зямлю, ды вось так і качаюся па ёй, пакуль сціхне. Як не раблю, нічога ў мяне не баліць, а людзі думаюць, што я гультайствую, прыкідваюся хворым. А я на братавым карку, як скулянка, сяджу: ем, п’ю, а ў хату з мяне аніякай карысці. А брату самому есці няма чаго, сваіх дзяцей няма на чым гадаваць, куды-ж я тут? Такі вось я не патрэбен цяпер нікому, адна назола з мяне. Мне цяпер адно толькі: ці ў старцы ў свет пайсці, ці задушыцца. Жыць мне няма як. У мужыцкім нашым жыцці такія непатрэбныя, хаты імі не падапрэш…
Буднік прыгледзеўся і цяпер толькі заўважыў, што сусед ягоны ідзе, неяк няўдала згорбіўшыся, і было гэта зусім ненатуральна, нібы наўмысля ён не выпростваецца да канца, баючыся, што зноў забаліць жывот.
Як ішлі пад дубамі, Буднік зазірнуў угару, адкуль звісала густалістае частае голле. Адтуль наплылі на твар гу-