ўжо непадалёк ад іх зноў спыніўся і прыслухаўся да наваколля, але не пачуў больш нічога, як і нічога не ўбачыў.
Нерухома стаялі каля дарогі старыя раскарацістыя дубы і за імі, густа пасярэбраныя расой і месяцам, альховыя кусты. Нясмела бруілася з-пад хмар на шырокія шатры дубоў дрыглівае месяцава святло. На перасохлым дарожным пяску пад дубамі непарушна ляжалі іхныя чорныя цені. Ападаючы на дол цэлай грамадай, цені раскідалі вакол сябе мутныя, шэрыя пляміны лісцяў, узорылі дарогу. А за дубамі, у кустах, поўзалі па лісці ціхія шолахі.
Баяўся варухнуцца, каб не прайшло што-кольвеч па-за слыхам, а вачыма палахліва і таропка шукаў, узіраючыся ў спакойную густату алешніку.
На грудзях у кішэні нясмела цікаў гадзіннік. З гадзіннікавым ціканнем прышло заспакаенне. Яно пасілілася, калі з боку кустоў дайшла хваля цёплага ветру і з ёй шчыплівы пах свежа-скошанай травы, што не паспела яшчэ высахці.
— Пэўне сабака хворы туляецца тут ля кустоў, — на поўголаса сказаў настаўнік сам да сябе і крануўся ісці.
Але не прайшоў ён і пяці коокаў, як з боку кустоў данесліся ледзь чутныя стогны. Цяпер ён ужо зусім выразна чуў, што стогне чалавек. Не раздумваючы, ён таропка, амаль подбежкам пайшоў да кустоў.
— Хто тут?
Чалавек застагнаў мацней і, ступіўшы яшчэ пару крокаў наперад, настаўнік знайшоў яго. Чалавек сядзеў за кустом, у мураве, выцягнуўшы перад сабою ногі, і працягла, цяжка стагнаў.
— Хто тут? — паўтарыў сваё пытанне настаўнік і схіліўся над чалавекам. Той застагнаў цішэй і загаварыў, захліпаючыся, боль перашкаджаў яму ў гаворцы.
— Шкробатаў я, Тодара Шкробата сын, Павал…
— А што гэта з вамі? Чаго зы тут? Біў хто?..
— Не. — Чалавек заківаў галавой. — Нічога са мной. Я сарваны з Сібіры, дык вось жывот мяне хапіў… зарэжа, здаецца… — І следам, за гэтымі словамі, нібы каб сцвердзіць іхную праўду, чалавек парыўчаста хапіўся рукамі за свой жывот, прыгнуўся да самае зямлі і голасна застагнаў. — Не чапайце мяне, — сказаў ён настаўніку, калі той нахіліўся, каб падняць чалавека з зямлі. — Не кратайце… так яно хутчэй сціхне…
Чалавек згінаўся, трымаючыся абодвума рукамі за жывот, курчыўся, прылягаючы ілбом аж да самай зямлі. І ўжо не стагнаў, а нема, па-звярынаму, роў праз шчыльна сцятыя зубы. Пакуль цягнуўся прыпадак, настаўнік стаяў і