ўсё. Гэта была не звычайная цікавасць да газет, Гэта была цікавасць да іншага свету, які ляжаў па той бок мяжы. Нешта падобнае на пачуццё, якое было ў прафесара, калі ён збіраўся ў сваё падарожжа за мяжу, тая-ж прыўзнятай зацікаўленасць пытаннем: «А што-ж там?» І тое-ж жаданне ў чужым, у далёкім праверыць тое, што вакол яго.
Прафесар перагортвае газеты. За мяжой ён бачыў іх і чытаў. Тут і «Последние новости», и «Дни», «Берлинер Тагеблат», і венская «Арбейтэр Зонтаг», парыжская «Матэн» і англійская «Таймс» ды іншыя, пачынаючы ад соцыял-дэмакратычных і канчаючы белаэмігранцкімі. І тое, што газеты розныя і што багата іх, радуе прафесара. Ён мае магчымасць пабыць сёння ў асяроддзі, дзе вельмі вялікая рознагалосіца. Гэта акурат тое, што падабаецца прафесару. Ён пачуе голас і адных, і другіх і ў гэнай рознагалосіцы знойдзе тое, што яго цікавіць. І, задаволены гэтым, прафесар мосціцца на крэсле і схіляецца над газетай з артыкулам вядомага французскага сенатара пра ягонае падарожжа па Совецкаму саюзу. Краіну, у якой жыве прафесар Галынскі, французскі сенатар заве «краінай парадоксаў». Гэта цікава, і прафесар уважліва прачытвае артыкул, радок за радком.
Ад аднаго артыкула ён пераходзіць да другога. Ён ніколі амаль з такой цікавасцю не чытаў газет. Змест іхны як-бы наўмысля падабраны. Пасля артыкула французскага сенатара ён чытае ў «Последних новостях» справаздачу пра, сход рускіх эмігрантаў у Парыжы. Змест справаздачы прыпамінае яму тое, што ён часта чуе ў словах Пілацеева: злосць і бездапаможнасць. Прафесар думае пра змест газет, якія даў яму Буднік. Раптам прыходзіць думка, што Буднік падабраў газеты наўмысля. Інакш чаму-ж ён адразу-ж прывёз іх? Але для чаго ён гэта зрабіў? Ведае пра абшчэнне прафесара з чалавекам таго лагера? Можа дагадваецца пра наяўнасць аналагічных думак у прафесара і наўмысля даў газеты, каб, знайшоўшы тыя-ж думкі там, ён зразумеў, чые яны? Ха-ха! Прафесар зусім не крыўдуе за гэта. Калі так, гэта вельмі хітра і разумна прыдумана. І калі-б Буднік прызнаўся ў гэтым, ён з удзячнасцю паціснуў-бы ягоную руку. Яго радуе і некалькі ільсціць яму гэная клапатлівасць з боку Будніка, буднікава жаданне захаваць яго, так або інакш карыснага для ягонай справы.
Час ад часу прафесар адрываецца ад газет і ходзіць па габінету з гэнымі мысяямі. Яны цяпер не пакідаюць яго. Вяртаючыся да газеты, ён знаходзіць у надрукованым мыслі, якія не раз наведвалі і яго, і пачынае смяяцца. Ён