калі не лічыць зусім выпадковай хвіліннай нашай сустрэчы ў дзевятнаццатым годзе.
— Значыць, спаткаліся вы цяпер у Берліне?
— Так. Ліда Міхайлаўна працавала ў нашым прадстаўніцтве. Я зусім збянтэжыўся, пазнаўшы яе, вачам сваім не паверыў. Наша пісьмовая сувязь перарвалася ў дваццаць другім годзе, з той пары я пра Ліду Міхайлаўну чуў толькі што-ні-што самым краем вуха.
— Гэта вельмі цікава, — кажа прафесар. — Я-ж, прабачце, дагадваюся, што вы кахалі друг друга яшчэ і ў трынаццатым годзе.
Прафесар пазірае на іх з хітраватай ветлівай усмешкай і яны абменьваюцца поглядамі і таксама ўсміхаюцца.
— Здаецца так, — згаджаецца Буднік з словамі прафесара.
— Амаль што так.
— А цяпер Ліда Міхайлаўна назусім да нас?
— Так, назусім, назаўжды.
— Тады я вельмі рад. Спадзяюся, што цяпер Паўлу Андрэевічу больш не трэба будзе шукаць выпадковага спаткання з вамі.
Яны ўсе трое ўсміхаюцца, стоячы сярод лабараторыі, і прафесар раптам хапаецца, што не запрасіў гасцей сесці.
— Прабачце, — просіць ён. — Зусім я запамятаў. Прывык у лабараторыі больш на нагах быць, чым сядзець, дык і вас не пасадзіў. Сядайце-ж хоць зараз.
— Дзякую, Міхаіл Палікарпавіч. — Мы ўсяго на адну хвілінку да вас. Я што-ні-што прывёз з замежных, у прыватнасці з белаэмігранцкіх газет, падумаў, што вас цікавіць, як яны пра нас пішуць, і захапіў іх з сабой. Вось. — Буднік дастаў з паруфеля пачку газет і перадаў яе ў рукі прафесара. — І пакуль што бывайце. Іншым разам мы прыдзем на больш часу, каб агледзець вашу станцыю.
— Прашу, прашу, буду вельмі рад.
— А я вас прашу на Першае мая да нас на камбінат. Будзем даваць наша першае святло і першую партыю прадукцыі.
— Я абавязкова буду.
На гэтым прафесар з сваімі гасцямі развітаўся. Адразу, як пайшлі госці, ён узяў газеты, якія даў Павел Андрэевіч, і пайшоў з імі ў свой габінет. Стоячы над сталом, ён гартаў газеты адну за другой, пакуль што праглядаючы іх, шукаючы, на чым-бы спыніць увагу. І адзін за другім прабягаў поглядам загалоўкі, мяркуючы, што пасля прачытае