Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/387

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАДЗЕЯ ДЗЕСЯТАЯ



Такое яснае і такое цёплае сонца ўпершыню за ўсе апошнія дні сакавіка. Памяшканне лабараторыі запалонена сонцам. Яно на падлозе, на даўгіх, вузкіх сталах. Ягоны блеск на шкляных прыборах і на медных частках апаратуры і на бялявых валасах жанчыны, якая стаіць перад крыху здзіўленым прафесарам. Жанчыне гадоў трыццаць шэсць. У яе высокі ледзь-ледзь пакаты лоб, на якім гады паклалі двума лёгкімі зморшчынамі свае сляды. Складка зморшчын і паміж брывей.

Прафесар толькі што ад работы і ён здзіўлена пазірае те на жанчыну, то на Паўла Андрэевіча, якія так нечакана з’явіліся ў лабараторыю.

— Мой вельмі даўні і вельмі добры сябра, Ліда Міхайлаўна Земянкова, — гаворыць Буднік, звяртаючыся да прафесара. А калі прафесар бярэ яе руку і называе сваё прозвішча, Буднік павяртае твар да яе. — А гэта прафесар Галынскі, Міхаіл Палікарпавіч, пра якога я табе расказваў. — Вы прабачце, Міхаіл Палікарпавіч, — звяртаецца ён да прафесара, — але я вельмі часта ўспамінаў вас там.

— Добрым словам ці дрэнным? — усміхаючыся, пытае прафесар.

— Павел Андрэевіч пра вас толькі добрае гаварыў,  абазвалася Ліда. — І мне вельмі прыемна было гэта чуць, бо вас, прафесар, я ведала яшчэ па Пецербургу.

— Вось як? — дзівіцца прафесар. — Ну, я вельмі рад. Я ўсё трапляю на людзей, якіх сустракаў некалі, якія мяне ведаюць, — зірнуў ён на Будніка.

— Шанцуе імнена гэтае, — сказаў Буднік. — Ліду Міхайлаўну я апошні раз бачыў толькі ў трынаццатым годзе.