Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/385

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж будзе? Божа мой, божа мой! Бег-жа я з-за гэтага; на гэта спадзяваўся. А можа ў ячэйкі папрасіў-бы, усё-ж сын твой там у іх? Ці, можа, каб ты запісаўся, можа за гэта не чапалі-б?

Што ты плявузгаеш?

А куды-ж мне кінуцца, да каго? Я-ж не пабягу мо’ да пілацееўскага сына, як Ермалай.

— Да якога пілацееўскага сына? — здзівіўся Тарэнта.

— Да якога-ж? Служыць-жа можа на камбінаце, хіба не бачыў, як сядзеў тады ў Мірона? Пану, нябось, і пры большэвіках няцяжкі хлеб…

— Гэта хіба ён быў? — перабіў Тарэнта.

— А то хто-ж?.. Ты толькі не скажы таго дзе, во што, — раптам схапіўся Мікіта, зразумеўшы, што нагаварыў чаго не след было.

— Гэта ўжо, як я захочу, зраблю.

— Я-ж зусім тады прападу… Сашлюць. Ён не па свайму прозвішчу жыве.

Тарэнта шкадаваў брата, хоць і не любіў яго і ніяк не мог запамятаць даўняга таго, як Мікіта выгнаў з двара Паўла. Але тое, што ён пачуў ад Мікіты, абудзіла ў ім пачуццё пагарды, якое жыло ў ім у тыя даўнія часы.

— Думаў, хоць пад старасць чалавекам станеш, а ты і цяпер бегаеш за імі, ліжаш… дзе твая галава была? — крыкнуў Тарэнта. — Ты думаў, куды ты лезеш? А цяпер бяжыш, каб я ячэйку прасіў! Такі варта вас, такіх, пасадзіць, варта, а не толькі параскулачваць.

Мікіта спуджаны змоўк, а пасля адумаўся, што сказаў-жа ён пра Пілацеева толькі брату і пасмялеў.

— Ідзі, скажы ім, пасадзі брата, во што… Можа падзякуюць.

— Рук мараць не хочу, а то можа і пасадзіў-бы. Ты-ж садзіў некалі. Аднаго брата ўтапіў, а другога пасадзіў быў…

— Каб ты так на сваю лаўку садзіўся, як я цябе садзіў, во што.

— А ўжо-ж, каб-жа так.

— Ну, ідзі, пасадзі…

— Без мяне пасадзяць, калі варта будзе.

— А я думаў, пасобіць брат, выратуе…

— Я цябе да Пілацеева не слаў, чаго-ж ты ў мяне ратунку шукаеш? Думаў, што можна будзе хоць у чым заступіцца за яго, а ён з Пілацеевым хэўру павёў, калгасы разбураць узяўся… У-у-у, дурніцы кавалак! Што, я за цябе сваю галаву падстаўлю, або што? Хлопчык ты, не разу-