Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/380

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сяляне пачалі падымацца з месц, прабіраючыся да стала з заявамі, пасля пачалі перадаваць іх цераз другія рукі і некалькі хвілін чуваць было, як шамацяць у іхных руках чацвяртушкі нязмятай яшчэ паперы, вырваныя з дзіцячых школьных сшыткаў. Калі дайшла да стала і апошняя, Каплан узяў усе заявы ў руку, прыўзняў, іх над сталом і паказаў сходу. — Шэсцьдзесят дзве заявы пададзена, гэта нядрэнна, — сказаў ён.

А Лёйка падняўся з месца, на якім сядзеў, шырока растапырыў далоні і запляскаў. За ім запляскаў і ўвес сход.

— Бачылі, прафесар, што мы накруцілі тут? — падміргнуў Лёйка Міхаілу Палікарпавічу, прыжмурваючы левае вока. — Вы, мусіць, не верылі, што ў нас нешта з гэтага выйдзе.

— Чаму не верыў? — здзівіўся прафесар. — А калі-б нават і не верыў, то цяпер бачу і веру.

У прафесара быў прыўзняты настрой. Тое, што адбылося на сходзе, здзівіла і абрадвала яго. Праўда, ён не зусім верыў у магчымасць калектывізацыі, але ён ніколі не хацеў, каб спробы калектывізаваць сялян скончыліся няўдала, бо самыя простыя меркаванні гаварылі аб большай выгадзе калектыўнай працы, і адзінае, што яго палохала, гэта сялянскі індывідуалізм, які, як думаў прафесар, будзе раз’ядноўваць сялянства і ўнутры самога калгаса. А цяпер прафесар зусім шчыра разам з усім сходам пляскаў таму, што адбылося.

Мілоўскі ў часе воплескаў падняўся і пайшоў да Каплана, каб нешта сказаць яму, а пасля вярнуўся на месца і тое-ж сказаў Кастусю і Аксане, а пасля і Лёйку. За гэтым адазваў Івана Пятровіча да стала і са спіску, які даў Іван Пятровіч, выпісаў сабе прозвішчы асобных сялян, і перадаў сваю паперку Каплану.

Сход папляскаў, пагаманіў, чакаючы, што-ж будзе далей, змоўк адразу, калі Каплан падняў руку, каб супакоіліся.

— У нас, як вы ведаеце, — сказаў Каплан, — калгас, хоць і маленькі, ужо ёсць і мае сваё праўленне. Праўленне заўтра-ж разгледзіць усе заявы, а пасля адразу-ж возьмемся за працу. Сёння давайце на гэтым наш сход скончым. Комуністаў і комсамольцаў, ды наступных грамадзян, — Каплан прачытаў прозвішчы, выпісаныя Мілоўскім, — прашу астацца яшчэ на гадзінку, каб тое-сёе абмеркаваць.

— Беднату? — здзіўлена запытаў хтось з задніх радоў.

— Так, сход беднаты.