Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/373

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лепш памаўчаў-бы, — параіў ён Мікіту. — Не хочаш пісацца, не пішыся, за горла цябе туды не пацягнуць.

Больш ён нічога не сказаў за ўвесь час, пакуль сядзелі мужчыны ў міронавай хаце.

Дома Тарэнта Шкробат, як лёг у пасцель, доўгі час ляжаў моўчкі дагары тварам, з падкладзенымі пад галаву рукамі, а пасля перавярнуўся на бок і, мосцячы сабе падушку, голасна дакончыў думку, з якой ляжаў да гэтага:

— Гм.., надумаліся, у круцельства пайшлі, нібы нехта жарты з імі ладзіць…

Жонка яшчэ не спала. Яна пачула, што сказаў муж, але не зразумела сказанага і перапытала. Тарэнта ў апошнія часы стаў, як ніколі, маўклівым. Прычыну гэтай маўклівасці жонка ўгадвала. На гэны раз, пакуль Тарэнта ляжаў моўчкі, яна таксама маўчала, ведаючы, што ён не спіць, і чакала. Таму так і ўхапілася за ягоныя словы, спадзявалася пагаварыць з ім, але ён змоўк, лёг плячыма да яе і больш не сказаў ніводнага слова. І жонка так і не зразумела, да чаго адносіліся ягоныя словы пра круцельства.