які сядзеў непадалёку ад яго, — змучыліся зусім ужо ад такіх думак, галовы пагубілі, розум страцілі.
— Гэтага не варта рабіць, — азваўся Пілацееў. — Розум заўжды патрэбен, ці ў калгасе, ці без калгаса будзеце, а да вясны-такі недалёка.
— Недалёка, — згадзіўся Кот Халамей. — І пара ўжо нам неяк цвёрда сваё слова сказаць, каб і людзей не мучыць, бо ходзяць яны да нас кожны дзень угаварваць, і каб самім нешта рабіць.
— Думаеш, адчэпяцца? — Мікіта махнуў рукой. — І не спадзявайся лепш на тое, во што.
— А я можа запісацца хочу, навошта-ж ім адчэплівацца?
— Запісацца? — здзівіўся Мікіта. — Хай мае ворагі туды пішуцца. — Азірнуўся на Пілацеева і ўсміхнуўся. — Хай толькі таварыш не падумае пра нас чаго нядобрага.
— Гаварыце, што хочаце; гаварыць нікому не забаронена.
— Каб хоць ведаць, як яно там у другіх людзей з гэтым, выказаў сваё пажаданне Кот Ермалай, які ўвесь час моўчкі сядзеў за сталом, на самым куце. — Калі ўжо ўся Расія, людзі вы мае добрыя, запісваецца, тады яно не так страшна было-б і нам папісацца. А так страшна. І пісацца страшна, як-бы на паншчыну тую ідзеш, і не пісацца яшчэ страшней. Бо ўжо лепш памерці, як у Салаўкі тыя ехаць. Не разбярэш тут, куды лепш кінуцца, ці ў пельку, ці ў пяцельку. Як паслухаеш, што вакол робіцца, то лепш не жыў-бы, здаецца…
— Баюся я, — перабіў Ермалая Ката Пілацееў, — што, калі і будзе калгас у вас, ці доўга ён пажыве. Маем мы такія ўжо ў Крыму, на Каўказе, дзе ўжо сеюць. Папісаліся, плугі знеслі, бароны, коней звялі ў агульныя хлевы і ўсё, здавалася-б, добра, улада мясцовая супакоілася, задаволена, што справа ідзе да парадку, а пасля глядзяць, ды толькі дзівяцца: выехалі калгаснікі сеяць кожны на свой шнур. Пакуль начальства бегала туды-сюды, людзі сеяць пачалі кожны на сваім і калгасу як і не было ніколі. Баюся я, што і ў вас такое здарыцца.
— І разышліся? — перапытаў Ермалай Кот.
— Так, разышліся, Цяпер да восені будуць чакаць.
— А да восені ці мала яшчэ што можа быць, — падхапіўся Мікіта. — А што ты думаеш, каб і ў нас так, а?
— Ты вось надумайся! — За ўвёсь час Тарэнта абазваўся ўпершыню. Не падабалася яму, што такая гаворка ідзе, але нікому ён пярэчыць не стаў, пакуль не загаварыў брат. —