цуе, як хоча, і працуе, менавіта, таму, што змог аб’ектыўна паставіцца да таго, што рабілася вакол яго. Пілацееў папракае яго ў тым, што ён з большэвікамі, што ён робіць на іх? Можа быць, можа быць, што гэта і так. Ён заўжды быў староннікам аб’ектыўнай хады падзей. Ён зусім не вінаваты ў тым, што большэвікі, а ні хто іншы, паспяваюць ісці ў нагу з падзеямі.
Так думаў прафесар, працягваючы перарваную было з’яўленнем Пілацеева і Ягуплы сваю работу, а ў гэны час Пілацееў развітаўся з Ягуплам, калі яны вышлі на дарогу за балотам, і накіраваўся дадому. Але дадому ён не пайшоў, а хутка звярнуў з дарогі на хутар да Мірона Сапуна.
У Міронавай хаце, калі прышоў туды Пілацееў, было ўжо некалькі чалавек. Былі абодва Каты: Ермалай і Халамей, быў Давыдзюк Ахрэм, быў Сапун Арцём і Мікіта Шкробат і яшчэ трое ці чацвёра мужчын, якіх Пілацееў бачыў упершыню.
— Убачыў я ў вас агонь у хаце і парашыў зайсці, — сказаў ён.
— Будзьце ласкавы, дзякуем, што зайшлі, — азваўся з ложка гаспадар. — Грэйцеся, сядайце.
Мужчыны, якія сядзелі на лаўцы каля стала, адсунуліся, саступаючы месца Пілацееву, але ён не пайшоў да стала, а сеў на зэдліку, які запрапанавала гаспадыня. І калі ён сеў, у хату зайшоў Шкробат Тарэнта. Таму што ў хаце было каля дзесятка мужчын, Тарэнта не здзівіўся. Жыла Шапятоўка ў гэтыя дні ўся аднымі думамі, і мужчыны шапятоўскія кожны вечар схадзіліся па некалькі чалавек у той або іншай хаце і да позняга часу праседжвалі, заняўшыся гаворкамі пра калгас. Тарэнту мужчыны спаткалі ветліва, хоць і былі крыху здзіўлены ягоным з’яўленнем і далі яму месца каля самага стала. Кот Халамей пасунуўся далей за стол на кут і паказаў рукой на месца каля сябе.
— Сядай, Тарэнта, пасядзі, усёроўна свята ў нас цяпер суцэльнае: ходзім, гаворым, а рабіць, мусіць, нехта будзе.
— Рабіць будзем, як у калгас сыйдземся, — сказаў Сапун і сам ні з таго, ні з сяго зарагатаў. Тарэнта на яго зірнуў, пасля на Пілацеева і нахіліўся да Халамея.
— Хто гэта такі? З раёна?
— Пэўне-ж. Іх цяпер не разбяры-бяры колькі ходзіць.
З ложка абазваўся гаспадар на сапуновы словы.
— Гэта табе не хаханькі, Мірон, — сказаў ён. — Колькі там таго асталося, і вясна. Рабіць хочаш, ці не хочаш, трэба будзе, але як рабіць будзеш, як? Ты мне пра гэта скажы. Мы, таварыш дарагі, — звярнуўся ён да Пілацеева,