Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/363

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на мужа і нічога не пытала ў яго, баючыся чым-небудзь не дагадзіць яму, і загаварыла з ім толькі тады, як ён зноў сабраўся ісці з хаты.

— Куды-ж ты? Хоць бы-ж перакусіў чаго, — сказала яна.

— Каровам я прынёс мешані, — сказаў ён замест адказу на яе словы. — І каню сена прынёс. Калі затрымаюся, напоіш. — Сказаў гэта і пайшоў з хаты.

Цераз колькі часу ён быў каля буднікавай кватэры. Буднік толькі што падняўся і збіраўся ісці снедаць. Тарэнту ён спаткаў абрадвана і адразу падаў яму крэсла, прапануючы скінуць кажух і сесці. Але Тарэнта кажуха не скінуў і не сеў.

— Я не надоўга, — сказаў ён, і паднёс да талавы руку, раздумваючы, ці то зняць шапку, ці не. І шапкі не зняў. — Я пра тое, сказаць хочу, што ў калгас не пайду, каб на мяне не спадзяваліся.

Цяпер падняўся з крэсла і Буднік.

— Ты што-ж, Тарэнта, жартуеш ці ўсур’ёз? Чаго гэта так раптам?

— Жарты тут невялікія. Нутро маё перагніло, пакуль думаў пра гэта. Як без галавы хадзіў… Пра тое і сказаць прышоў, каб на мяне не спадзяваліся. І не нявольце мяне лепш, я ўсёроўна не пайду. А будзеце няволіць, у злосць увайду і калгаса зусім не будзе, мужыкі мяне слухаюцца пакуль што, — прыгразіў ён, ускінуўшы на Будніка з-пад ілба вочы.

— Супроць нас пойдзеш? Супроць самога сябе, чырвонагвардзейца? Ты толькі глядзі, нікому другому гэтага не кажы. Гэта глупства, Тарэнта. Супроць нас ісці табе, значыць супроць сябе ісці. Галаву на гэтым ураз зломіш. Ермалаю Кату гэтым пасобіш, Давыдзюку пасобіш, а не сабе. Пілацееву пасобіш, які сядзіць дзесьці за мяжой, ды чакае. Ці можа запамятаў на тое, што было, хто такі Пілацееў?

— Я нічога не запамятаў, але я не магу і не пайду, — яшчэ раз паўтарыў свае словы Тарэнта пра тое, што не пойдзе ў калгас. Ён хацеў, каб Буднік чуў гэныя ягоныя словы. Калі ён першы раз сказаў іх, як-бы з плеч скінуў нешта цяжкае, што гняло ўсё дні.

— Хутара шкадуеш? Сямі дзесяцін шкадуеш? Я цябе разумею, гэта пройдзе. У калгасе ўся шапятоўская зямля тваёй будзе, усе коні будуць тваімі. Хіба ў тым справа, што, конь у тваім хлеве стаіць? Каб толькі навучыцца табе шанаваць не толькі гэтага аднаго, а дваццацёра, скажам,