снегам, а потым пазірае ўгору на самы верх рашэціны. Значыць не будзе чаго і азяродзіць? І посцілак не трэба будзе падсцілаць пад азярод, каб скідаць на іх зверху сухія снапы?
Ад тумна пайшоў на двор, паціху адчыніў фортку, пастаяў, пазіраючы на хату і на хлеў, і пайшоў цераз двор да хлева. За хлевам зацішна, няма ветру і ён чуе, як шамаціць у яслях конь, перабіраючы губамі сена, і чуе, як цяжка сапуць каровы. «А тады як-жа? — думае ён. — Адна карова на ўвесь хлеў? А конь будзе дзесьці там? І другая карова таксама будзе там, і ўжо не твая будзе, а агульная?»
Доўга стаяць каля хлева ён не можа. Думае пайсці ў хату, але на ганку спыняецца. З-пад варотніцы ад каня вылёз сабака і лашчыцца каля ног, трэцца аб ногі бакамі. Тарэнта не заўважае яго. Яму не хочацца ісці ў хату. Там жонка. Яна не менш, чым ён, устрывожана тымі-ж думамі, і, напэўне, неспакойна варочаецца на ложку, думаючы пра кароў і пра зямлю. Прыдзеш у хату, яна пачне гаворку пра тое, пра што думаеш сам і ад гэтай гаворкі будзе не лягчэй, а яшчэ горш. Лепш не ісці ў хату.
Тарэнта паварочваецца і нагой трапляе сабаку на хвост. Сабака ўжо лёг быў каля ягоных ног. Сабака ад болю яўкнуў, падхапіўся і зноў намерыўся пацёрціся аб гаспадарову нагу.
— Вон!
Тарэнта падчапіў нагой сабаку пад жывот і з сілай адкінуў яго ад сябе. З перапуду сабака зноў яўкнуў і шырока растацыранымі нагамі стаў на сняту. Ён стаяў на месцы, пазіраючы на гаспадара, аж пакуль той не пайшоў са двара, а тады вылез са снегу і нясмела патупаў следам за ім.
Тарэнта пайшоў у гумно. У таку, упоцемках, пастаяў колькі хвілін, услухоўваючыся ў ветравы шум над саламянай страхой, потым падышоў да ёўні, адчыніў яе нізкія дзверы, намацаў упоцэмку каля сцяны ў ёўні снапы, скінуў некалькі штук іх на падлогу і, як стаяў, лёг на снапы тварам уніз, выцягнуўся, на ўсю даўжыню і моўчкі ляжаў аж да рання. Спрабуючы заснуць, ён клаў пад твар сабе то адну, то другую руку і падцягваў, адкідаючы ў бок, ногі, а то клаў твар на сноп, а рукі выцягваў удоўж цела, але не клаўся на бок, усю ноч праляжаў уніз тварам і не заснуў, не ўмеючы вызваліцца ад балючых і дакучлівых дум.
Як зусім развіднела, Тарэнта пайшоў у хату. Жонка была ўжо на нагах, тапіла ў печы. Яна палахліва пазірала