Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шапятоўцаў на новую дарогу выцягваць, як і некалі. Ну, выходзь, таварыш Шкробат, гавары.

Буднік сеў за сталом і чакаў. З лаўкі пазіралі на Тарэнту, чакаючы, што ён скажа: Мікода Жук, Сузон Каляда і Міхалка Хвойчык. А за імі павярталі галовы ўсе, хто сядзеў і стаяў наперадзе і нават тыя, што стаялі побач. Тарэнту зрабілася раптам горача і густа выступіў на твары пот. Ён расшпіліў кажух, азірнуўся разгублена на знаёмыя твары аднавяскоўцаў, зірнуў на Будніка, які чакаў ягонага адказу, і прыглушаным хрыплым голасам сказаў:

— Я пра новае жыццё нічога сёння сказаць не магу.

— Гэта чаму-ж? — запытаў Буднік.

— Я пакуль што яшчэ нідзе не бачыў яго.

Сход, здавалася, толькі і чакаў гэтых тарэнтавых слоў. Мужчыны заварушыліся, замахалі рукамі і разам, перабіваючы адзін аднаго, загаварылі:

— Праўду кажа! не бачылі мы яшчэ таго новага, не ведаем якое яно.

— Які смак у ім…

— Каб тое новае не было горш старога.

— А ўжо-ж.

— Жыццё змяніць — гэта табе не каня на рынку памяняць.

— І каня памяняць не так проста: бывае прамяняеш быка на індыка.

— А нё-ж… Чалавек рабіў, рабіў і раптам аддай ім усё…

— А як-жа: каня аддай, карову аддай, насенне аддай…

— А сам вясной хоць з торбай ідзі прасі.

— І пойдзеш…

Галасы мужчынскія перабіў Буднік:

— Ты, таварыш Шкробат, таксама баішся?

— Я нічога не баюся, баяцца мне няма чаго. — Тарэнта злаваў, што сход так падтрымаў яго. — Баяцца няма чаго. — сказаў ён яшчэ раз. — І кожны няхай сам за сябе гаворыць, я тут нікому не ўказчык, і торбы табе катораму ніхто не начэпіць, калі рабіць будзеш у калгасе, а не ў цянёк бегаць…

— Дык як-жа рабіць? — вырвалася ў кагосьці.

— Як хочаш рабі, галаву-ж мо’ маеш? Цяжка так жыць, ідзі ў калгас…

— А ты як?

— Як прыдзе час, я сам скажу.

— Яму хутара шкода! — кінуў з месца Сузон і падняўся з лаўкі. — Пасароміўся-б, Тарэнта!

Буднік нешта сказаў Сузону і той сеў. Словы сузонавы