ПАДЗЕЯ СЁМАЯ
Ужо ў каторы раз варочаецца Тарэнта Шкробат дадому такой позняй парой. Сёння ён не чакаў, пакуль скончыцца сход. Яшчэ неяк з восені да яго надвячоркам зайшоў Буднік з Мікодам Жукам. Тарэнта з радасцю прыняў яго як госця і частаваў яго і Мікоду самым лепшым, што мелася ў хаце. Яны прасядзелі ледзь не да паловы ночы, заняўшыся ўспамінамі. У той вечар быў дома і Тарэнтаў сын — інжынер. Падбадзёраны некалькімі чаркамі віна і абрадаваны тым, што да яго па-прастому, як да роўнага, зайшоў начальнік будаўніцтва камбіната, і тым, што ягоны сын інжынер, якім можна пахваліцца, Тарэнта амаль ніводнай хвіліны не праседзеў на месцы. Госці сядзелі на лаўках, а сам ён то тупаў каля стала, частуючы іх, то прыпамінаў што-небудзь з мінулага і тады падсоўваў да стала зэдлік, садзіўся каб бачыць усіх, і пачынаў гаварыць.
— А памятаеш, пытаў ён у Мікоды, — як мы ў Сібір збіраліся? Зямля пад бокам ляжала, а мы ажно ў Енісейскую губерню ехалі шукаць яе.
— Таа-к, — уздыхаў Мікода, — ездзілі і нічога не выездзілі.
— Каб-жа на той час ды цяперашні розум, хіба-ж-бы папёрся чалавек у такую далеч! — І Тарэнта павяртаўся тварам да Будніка, кладучы перад ім на стале вялікія, агрубелыя ад працы свае рукі. — Не было ў нас тады яшчэ такога чалавека, як таварыш Буднік. Ты, таварыш Буднік, людзьмі нас зрабіў, дарогу нам паказаў. Хіба-ж бы меў я за старым часам такога сына? — Тарэнта паказваў на Кастуся, які сядзеў побач з Мікодам, і хаваў хітраватую ўхмылку ў кутку