стаіць над дарогай і над прыдарожным полем. Вецер дуе у твар і, прыжмурваючы вочы, яны абодва бачаць за шэрай, мутнай заслонай пылу, новую Шапятоўку.
— Можа калі і будзе людзям жыццё, — кажа Сузон.
— Будзе, — кажа і Буднік. — Хутка будзе. — Ён паціскае на развітанне Сузонаву руку і ідзе да сябе ў кантору, а Сузон папраўляе на галаве шапку, нашчупваючы пальцамі сшыты ніткамі казырок і, насунуўшы казырок на лоб, каб затуліць вочы ад ветру, ідзе па дарозе да шэрай заслоны з пылу.
Вярнуўшыся ў габінет, Буднік адразу-ж парашыў пазваніць на тарфяную станцыю да Мілоўскага. У працягу амаль усіх год, пачынаючы з Пецербурга, гэны высокі юнак, які заўжды некалькі здзіўлена пазірае на жыццё шырока раскрытымі вачыма, як здань новага, ад наступных гадоў, пакалення ішоў поруч з Буднікам. Буднік ведаў яго і хлапчуком-газетчыкам і зусім спелым ужо комуністам, Буднік любіў Мілоўскага. Больш, як каму іншаму, ён верыў Мілоўскаму і пакладаўся на яго ў любой справе і таму па справе стварэння ў Шапятоўцы арцелі перш за ўсё пазваніў яму. Мілоўскага тэлефонны званок на станцыі не засціг, і тое, што Буднік збіраўся сказаць яму ў гэны дзень, ён змог яму толькі сказаць цераз два месяцы.
Па даручэнню Цэнтральнага камітэта партыі Мілоўскі аж два месяцы прабыў на торфзаводах. Выкарыстоўваючы практыку станцыі, ён кіраваў на заводах арганізацыяй механізаванай здабычы торфу і вярнуўся на станцыю толькі ў чэрвені. Дома ён і знайшоў на сваім стале запіску, у якой Буднік выказваў жаданне спаткацца з ім, каб пагаварыць па вельмі важнай справе. І хоць запіска была вельмі даўняй, Мілоўскі назаўтра-ж, самым ранкам, накіраваўся на камбінат да Будніка. Тады і адбылася іхная гутарка, сведкай якой быў і Хвойчык Міхалка, і вынікам якой сталася тое, што пачалося ў Шапятоўцы пазней, ужо зімою.