Сонца ўстае над зямлёй, разрывае густую тумановую заслону і першымі променямі свеціць проста ў твар. Нараджаецца жыццё ў вуліцах горада, на наберажнай, дзе прыстань, і на рацэ. Спуджаны туман згортваецца клубкамі, і, радзеючы, паволі падымаецца ўгору, агаляючы паверхню ракі. Тады яны бачаць, як з’яўляецца над вадой борт катэра, а загадкавы, нерухомы матрос знікае ў тумане.
Па вуліцы прайшлі насустрач ім салдаты з вінтоўкамі, пэўне вартавалі ноччу нейкія склады на прыстані. Следам, абмінаючы салдат, праехала чорная арыштная карэта.
Па самай сярэдзіне рэчкі плыве за вадою човен. Ў чаўне, на дне яго, стаіць на каленках мужчына ў паласатай матроскай кашулі. Ён раз-по-раз згінаецца над вадой і поўнымі далонямі чэрпае яе з ракі, а тады ў далоні акунае свой твар. Вада цячэ па ягонаму твару і мужчына фыркае, пырскаючы вакол сябе. На другім чаўне, што плыве следам за першым, гэтак-жа на каленках стаіць барадаты мужчына і шырока хрысціцца на ўсход.
Вуліцай едуць фурманкі, высока нагружаныя цюкамі. Ад прыстані пахне спалёным каменным вугалем, рыбай, пракіслай капустай і нафтай. Адзін за другім ідуць з баржы на прыстань грузчыкі, несучы мяшкі з мукою. Шчыльна набітыя мукой, белыя мяшкі яны асцярожна скідаюць з плеч і ў парадку складаюць іх ярусам на засланы на прыстані брэзент. На грузчыках шызая ад мукі і рваная вопратка і шызыя лапці з аборак. Грузчыкі, як адзін, барадатыя і ва ўсіх іх шызыя бароды і гэткія ж шызыя валасы, што тырчаць над патыліцамі і вушамі з-пад казырковых былых салдацкіх шапак. Толькі па росту яны розныя. Паклаўшы мяшкі, яны, не абтрасаючы з вопраткі мучнага пылу, зноў ідуць на баржу.
Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Змеціўшы параход, сходзяцца ў кучу, на прыстані мужчыны і жанчыны з чамаданамі, сундукамі, карзінамі і вузламі.
Ідучы побач з Лідай, Буднік моўчкі ўсміхаўся, дзівячыся, як па-незвычайнаму хораша ляжыць на яе ілбе ў сонцавай пазалоце кудзярок валасоў. Валасы выбіліся з-пад капелюша і, рассыпаўшыся залачонымі ніцямі, ляглі цераз увесь яе высокі лоб, сплёўшыся па-над брывом залачонымі кольцамі.
— Белабрысая ты мая! Ты-ж не ведаеш, якая ты прыгожая.