Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/341

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сваё з таго боку прывезена, мы такога слухаць не станем. А ў агуле мы ад паэтаў іхнага і хочам, каб гаварылі пра жыццё так, як разумеюць яго. Гэта і будзе іхнае «сваё». А калі гэнае «сваё» ды будзе яшчэ і зусім нашым, тады вунь як добра, Значыць, вы яго не ведаеце? — зноў запытаў Буднік.

— Сузона Іванавіча? Ведаю, як не ведаць.

— Гэты мяне раздражняе сваімі паводзінамі. Яму варта было-б хоць крышку больш паважаць сябе. Вы яму як-небудзь пры выпадку парайце гэта.

Цераз колькі хвілін яшчэ прафесар расказваў Паўлу Андрэевічу пра сваё падарожжа, а тым часам сяляне, якія прышлі на канторскі двор з Паўлам Андрэевічам, вышлі з двара на дарогу і, параіўшыся, накіраваліся дадому. Мікіта-ж пайшоў на хутар да брата. Ён не пайшоў на тарэнтаў двор, а проста ў поле, дзе Тарэнта араў. Ідучы да Тарэнты, меркаваў, з чаго пачаць гаворку і, як наблізіўся да яго, нагнуўся над раллёй, каб узяць у руку камяк зямлі. Зямлю расцёр пальцамі на далоні.

— Высахла амаль, кажа ён, кідаючы з далоні камячкі ліпкай зямлі. — Добрая вясна ў гэтым годзе.

Тарэнта ад плуга ідзе да каня, выцягвае з-пад хамута грыву, а тады гладзіць каня па шыі і чакае, пакуль наблізіцца Мікіта. Ён пазірае на мікітавы боты, якія пакідаюць на свежай раллі шырокі след. Сам Тарэнта босы: босаму зручней хадзіць за плугам. Ён пазірае на свае ногі, чорныя ад ліпкай, вільготнай зямлі, пасля на мікітавы боты і адчувае, што нагам сцюдзёна, зямля яшчэ халодная.

— ’Шчэ, мусіць, халодна босаму? — пытае Мікіта. — Зямля то яшчэ не ўвагрэлася як след.

— Троху халодна. А ты не браўся яшчэ за ворыва?

— Не ведаю я, за што мне і брацца ўжо, во што. Ото-ж хадзілі мы, наконт зямлі прасілі.

Тарэнта маўчыць. Ён ведае, што ад мікітавага хутара адразаюць клін дзесяціны ў чатыры і замест гэтага не даюць, як іншым, зямлі на балоце, бо ў Мікіты і так застаецца зямлі больш, як выпадае на ягоную норму па закону. Супроць таго, што бяруць зямлю пад камбінат, ён нічога не мае, але троху крыўдна робіцца за брата, што таго абдзяляюць.

Маўчыць і Мікіта нейкі час, а пасля пачынае гаварыць пра іншае ўжо, не пра зямлю.

— І чорт яе бяры, тую зямлю, неяк пражыву ўжо і без яе, але ён яшчэ страшыць, упікае, што швагер у жандармах служыў. А хіба я вінаваты за швагра?