Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/333

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

месца, прадумаць перажытае за чатыры месяцы падарожжа ў сабраць у адно свае ўражанні аб бачаным.

За мяжу прафесар ехаў не толькі для таго, каб дасканальна вывучыць хімічную і газавую прамысловасць еўрапейскіх краін. Было нешта і іншае, пра што ён нікому не гаварыў, але што вельмі моцна штурхала паехаць туды.

Прафесар ніяк не мог сказаць пра сваё жыццё, нават і самых апошніх год, а можа быць, асабліва пра гэныя апошнія гады жыцця, што яно было спакойным. Спакой быў страчаны даўно дзесьці на мяжы пераходу ад старога да новага. Прафесар не быў ворагам старому гэтак-жа, як і не быў ягоным прыхільнікам. Ён не мог прыняць старое цалкам, як яно было. У яго былі свае ідэалы, выпешчаныя ім, ідэалы, якія фармаваліся ў працягу гадоў і якія прафесар супроцьстаўляў старому, як яно было.

У часе падзей паміж двума рэволюцыямі прафесар быў падобен чалавеку, які трапіў у вір. Яго кружыла з такой шпаркасцю, што, не гледзячы на вялікае жаданне, ён не мог не толькі выплысці з віру, а нават затрымацца на месцы, каб зірнуць, што робіцца вакол яго. Адзін час яму здалося, што ён трапіў нагамі на цвёрдае месца, адчуў яго. Ён убачыў узняты над Расіяй сцяг, за якім ішоў, на якім быў напісаны дэвіз вольнасці, роўнасці і братэрства. Ягоныя ідэалы ператвараліся ў рэчаіснасць. Ён дагадваўся, што спраўляе ўрачыстасць дэмакратыя, пра якую ён марыў. І тады раптам прышло яшчэ нешта іншае, зусім незразумелае.

Прафесар не быў ворагам таму, што прышло. Не хацеў быць ворагам, але быў ён упэўнены, што прышло гэнае новае не ў свой час і заняло чужое месца. Варта было-б асмысліць і адно, і другое, і параўнаць. Але як-жа зрабіць гэта? Яно жыло ва ўяўленні прафесара, уцялесненае ў вобразе Еўропы. Трэба было бачыць Еўропу, дэмакратычныя еўрапейскія дзяржавы, каб асмысліць страчанае і параўнаць яго з існуючым. Толькі тады, напэўне, будзе знойдзены даўно страчаны спакой.

І вось ён чатыры месяцы быў там, у Еўропе. Ён меў магчымасць сустракацца і з інтэлігенцыяй, і з прастымі рабочымі заводаў.

У асяроддзі інтэлігенцыі ён знайшоў даволі пашыраныя настроі, якія скрыжоўваліся з ягонымі, ідучы ў адваротнае. Так, як ён думаў аб Еўропе, вельмі многія інтэлігенты там думалі аб новай Расіі, бачачы ў яе вобразе, часам не зусім зразумелым для іх, уцелясненне сваіх ідэалаў. Гэта перашкаджала прафесару пазнаць ісціну, якой ён шукаў, і яшчэ