Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/332

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

апошні прыпынак на гэтым баку. Яшчэ колькі метраў і будзе першы прыпынак па той бок мяжы, на совецкай зямлі. Гэта зусім блізка. Калі-б адчыніць акно і зірнуць з вагона, напэўне можна было-б ужо бачыць памежныя слупы, што каля чыгункі. Прафесар дзівіцца з самога сябе, калі тварам шчыльна прытульваецца да шыбы, каб убачыць, што наперадзе. Поезд зноў рушыць з месца і ідзе зусім павольна. Прафесар бачыць высокі масток, на ім вайскоўца, які зверху аглядае поезд, каб каго не было на вагонных дахах. Насустрач поезду павольна спаўзае з зямлі цень хмары. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай, якую прафесар часта бачыў на фотаздымках у часопісах.

Прафесар шчыльна туліцца тварам да аконнай шыбы. Ён бачыць перад сабой чырвонаармейца, які стаіць непадалёк ад чыгункі, каля невялічкай будыніны. За будынінай голыя, яшчэ бязлістыя дрэвы, а далей шырокая палянка, абхутаная частаколам, і за палянкай хвойнік. Поезд скранаецца з месца і ідзе да хвойніку. Некалькі хвілін яшчэ і прафесар бачыць зусім непадалёк ад чыгункі вялікі сад і побач размешчаныя паміж садам і раўчаком старыя і новыя будынкі. Ад будынкаў бягуць, махаючы рукамі і шапкамі, дзеці.

Не адыходзіць ад акна прафесар і тады, як ужо совецкі поезд кранаецца пасля доўгага прыпынку з першай станцыі. Сонца зайшло. Набліжаецца ноч і ўгары ўжо можна змеціць першыя, нясмелыя яшчэ зоры.

Унізе, пад высокім чыгуначным насыпам, поплаў. Над поплавам туман. Над поплавам сцелецца над туманам і дым з паравоза, і праз дым і туман прафесар бачыць мершыя агні вясковых хат. Агні то з’яўляюцца, як-бы падымаючыся ад зямлі, то знікаюць у тумане, калі набягаюць насустрач поезду ўзгоркі. Прафесар сочыць поглядам за аганькамі і ўяўляе, што менш як цераз гадзіну ўбачыць шматлікія агні горада, які стаў для яго за апошнія гады незвычайна блізкім.

Вясновыя ночы прыходзяць хутка і непрыкметна. Поезд імчыцца ў густой цемры, рассыпаючы ў ёй грукат жалеза, час ад часу кідаючы насустрач ёй кароткія папераджальныя гудкі. За акном нічога не відаць і прафесар ідзе ў купе. Ён сядзіць, паклаўшы галаву на рукі, пастаўленыя на столік локцямі. Ён хоча сядзець моўчкі, спакойна, каб ні пра што не думаць. Наўмысле сплюскае вочы, каб задрамаць. Але дзесьці ў падсвядомым нараджаецца думка, што варта было-б цяпер, калі ён зноў вяртаецца да свайго сталага