Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/327

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перашкаджае пінжак, ён цісне на плячах, Міхаіл Палікарпавіч хуценька скідае яго з плеч і вешае на акно. Пасля вяртаецца да стала, да сваіх рабочых сшыткаў, дрыглівай рукой перагортвае старонкі аднаго, пасля другога, перакрэслівае запісы, зробленыя раней і, дыктуючы самому сабе новыя словы і лічбы, робіць новы запіс. Момант углядаецца ў бліскучыя — яшчэ не высахла чорнае чарніла — літары, пасля кідае ручку на стол і ходзіць па пакоі, ад дзвярэй да кніжнай шафы і назад, а пазней, супакоіўшыся, садзіцца да стала. Са стала кладзе на крэсла, якое стаіць злева ад яго, напісаную частку свайго рукапіса, зноў перагортвае адзін з рабочых сшыткаў, перачытвае напісанае ў ім, акрэслівае круглай рысай асобныя месцы, або некалькімі крывымі і пасля піша на чыстых шырокіх аркушах паперы.

Правяраючы па рабочых запісах, ён час ад часу ўпісвае ў напісаны тэкст літары, значкі і лічбы формул, лічбы табліц, патрэбных для ягоных доказаў, і старанна вырысоўвае цэльнымі рысамі, пунктырам і рысамі з працяжнікаў і кропак рухі сіл, што бытуюць у цёмнаруднай масе торфу.

Вочы бачаць сырую, толькі што знятую з элеватарнай машыны, з-пад нажа, тарфяную цагліну. Яна, як цеста, густая і ліпкая. Яе можна мясіць пальцамі, можна сціскаць далонямі і тады з цагліны будзе сачыцца цёмнарудая вадкасць. Цагліну можна высушыць на сонцы. Часткі яе, што сцякалі з вадой, надаючы ёй цёмнаруды колер, можна сцёрці ў драбнюткі парашок, Сухую цагліну можна ўкінуць у каксавальную печ і атрымаць з яе кокс і густую смалу.

Тарфяная цагліна вырастае ў казачную сілу. Яна дзейнічае ў рухавіку нутранога згарання і ў аўтамабільнай шыне, яна ў дубільным барабане на скурзаводзе і ў сценах будынкаў; яна на друкарскай машыне і ў ваграчцы металургічнага завода; яна ў прыгожа-вытканым абрусе на сталах кватэр і ў вучнёўскіх торбазках у сшытках. Яна скрозь, гэтая, непазнаная яшчэ да канца, сіла, што жыве ў густой і ліпкай, як цеста, тарфяной цагліне.

Па таму, як перасоўваецца ўправа па стале і павялічваецца ягоны цень, Міхаіл Палікарпавіч дагадваецца, што набліжаецца вечар. Па густой, рухавай чырвані на сцяне пад самай столлю ён пазней дагадваецца, што заходзіць сонца. Час ад часу ён кладзе ручку на стол, развінае і зводзіць над плячыма моцна звязаныя мускуламі рукі, падымаецца з крэсла і, стоячы, перачытвае напісанае, або звярае яго з запісамі ў рабочых сшытках, але ад работы не адрываецца, з-за стала не выходзіць, каб не парушыць усталя-