прафесар. Апошнія словы прафесар сказаў такім тонам, што Аксана не ўтрымалася, каб не зарагатаць, а за ёй зарагатаў і сам.
— Відаць, у вас дужа вялікія патрабаванні да жанчын?
— Або ў жанчын дужа малыя да мяне. Не было такой жанчыны, якая ўзяла-б мяне ў свае рукі.
— Ха-ха! А вы хацелі-б гэтага?
— Гм… Гледзячы, вядома, у чыіх руках быць. У вашыя рукі папасці я не баяўся-б.
— Я пастараюся ўзяць вас у свае рукі, — жартуючы, адказала Аксана, зразумеўшы прафесаравы словы, як жарт.
— Спрабуйце. І калі вам гэта ўдасца, буду вельмі рад.
— Пастараюся. Глядзіце, каб не давялося пасля каяцца. — Аксана зарагатала. — Улічыце гэта.
— Буду мець на ўвазе — Міхаіл Палікарпавіч узяў Аксаніну руку і паціснуў яе. — Значыць, умоўлена?
— Так, цяпер толькі сцеражыцеся.
Сонца знікла. Туман ад берагоў падняўся і папоўз на возера, павісаючы над вадой. За туманам краліся з прыазёрных зараснікаў змрок і прахлада. Яны пайшлі дадому. У той вечар Міхаіл Палікарпавіч адчуў, што прынёс у свой пакой з сабой нешта новае. Ён ведаў, адкуль яно, і, рыхтуючыся да сну, кпіў над сабою: — «Табе, Міхаіл Палікарпавіч, сорак два тады. У такім узросце захапляцца дужа небяспечна. Ты можаш апынуцца ў дужа смэшным стане».
Міхаіл Палікарпавіч шырока адчыняе акно і, абапёршыся рукамі на падаконнік, нейкі час стаіць нерухома каля акна, блукаючы поглядам дзесьці далёка ў прасторах за небасхілам. Туды аплывае густая сінява далёкіх паветраных прастораў. Шырокімі, разгоннымі хвалямі коціцца туды-ж вецер. Ад гэтага шырока мыслям і яны ідуць кругамі, кожная звязаная з наступнай, што ідзе за ёй. Прафесар ведае такія хвіліны. Ён непрыкметна кантралюе думкі, накіроўваючы іх туды, дзе пачынаецца яшчэ непазнанае ім, дзе блукае ён штодня са сваімі шуканнямі. Думка ўваходзіць у невядомае, астрынёй дапытлівасці свідруе нязведаныя яшчэ пласты існуючага. Губіцца ў шматлікіх здагадках, вяртаецца да свайго пачатку і зноў імкнецца туды, правяраючы свой шлях і з гэтым, усё больш пашыраючыся, зрэнкі воч напружана ўглядаюцца ў адлегласць, якбы шукаюць там так патрэбнае думкам. Губы пачынаюць шаптаць, а правая далонь адрываецца ад падаконніка і выцягнуты на ўсю даўжыню палец пачынае блукаць па падаконніку, робячы на ім нейкі таемны запіс.