Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/325

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўджы адчуваючы ў такім выпадку як-бы вызваленне ад чагосьці цяжкага і тады пачынаў пачуваць страх перад тым, што магло-ж бы здарыцца, што ён сышоўся-б з гэтай жанчынай і назаўжды. З гэтай прычыны ён пачынаў прывыкаць да думкі, што не здолен пакахаць калі-небудзь моцна, па-сапраўднаму, і парашыў, што на ўсё жыццё або застанецца халасцяком, або сыйдзецца назаўжды з жанчынай, якой менш за ўсё будзе захоплены. З гэнай прычыны, калі ён абрадваўся, напаткаўшы Аксану, у ягонай свядомасці мільганула думка, што Аксана будзе пасля значнага перапынку чарговым захапленнем і цяпер, стоячы поруч з ёю, слухаючы яе жвавую гаворку, успамінаючы, што яна маладзей за яго больш, як на дзесяць год, прафесар думаў, што можа лепш было-б не даваць пачуццю волі.

Аксана апавядала аб сабе. Яна радзілася ў гэных месцах. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў комсамол. У яе з гэнымі месцамі звязаны самыя лепшыя ўспаміны. Ёй асабліва захацелася пабачыць гэныя месцы ў той раз, як яны пазнаёміліся ў таварыша Андрэя. Калі прыехала сюды і пайшла паблукаць па знаёмых месцах, не пазнала іх, усё было не тое, усё іншае, абноўленае. Гэта, як і сама яна. Яна ў працягу некалькіх дзён і сябе ў сабе не пазнала. Даўно, упершыню ў сваім жыцці, яна тут пакахала. Той, каго песціла дзявочымі думкамі і пачуццямі, спачатку паехаў ад яе на фронт зусім яшчэ юнаком, а пазней вучыцца. Яны вельмі рэдка бачыліся, зусім мала былі разам. Яна кахала яго да самага апошняга часу. Як прыехала сюды, пачуцці, здавалася, абудзіліся з новай сілай. І вось раптам прыехаў ён. Яна абрадвалася, спаткалася з ім, пабыла з ім некалькі дзён, а пасля думала пра ўсё гэта і нічога не разумела. Не разумела, што з ёю здарылася, няўжо-ж яна абманвала сябе? Нельга-ж успаміны аб мінулым пачуцці прымаць за самое пачуццё? А ў яе так і было, як яна думае.

— Вы яго не кахаеце? — неяк абрадвана запытаў тады прафесар, адгадаўшы, што гаворка ідзе пра Аксанінага спадарожніка, якога ён напаткаў быў з ёй.

— Не.

— А вы думаеце, што здольны пакахаць каго-небудзь?

Аксана запытання не зразумела і збянтэжана ўсміхнулася.

— Не ведаю, яго я кахала па-сапраўднаму.

— А я не здолен кахаць. Я ніколі ў жыцці нікога не кахаў, прызнаўся прафесар. — Аксана не паверыла, падумала, што ён жартуе. — На вялікі жаль я не жартую, — сказаў