— Мы сёння ўпершыню спрабавалі на рабоце багер Віланда, — сказала яна.
— Ну і як? — запытаў тады прафесар.
— У ім рад каштоўнейшых якасцей, але нам трэба нешта іншае. Вы бачылі багер Бірукова?
— Так, так, бачыў. Які-ж з іх лепшы?
— Ні той, ні другі, Варта было-б узяць усе лепшыя якасці і аднаго, і другога і зрабіць нешта новае. Гэта не так ужо і цяжка. А вы куды-ж, Міхаіл Палікарпавіч?
— Хочу схадзіць да возера. Ваш час вольны? Хадземце разам.
Пазней яны побач стаялі над берагам возера. Цені ад кустоў з супроцьлеглага берагу ўкрывалі сабой возера, кладучыся на спакойную яго паверхню і як-бы звужалі яго берагі. Ледзь прыкметна пасцілаўся над возерам ля берагоў туман. І хоць трапляў яшчэ праз гушчар кустоў на твар апошні промень сонца, і хоць поўнымі галасамі перадвячэрніх птушак жылі яшчэ прыазёрныя кусты, быў час, калі па ўсяму адчуваеш, як з кожнай хвілінай набліжаецца ноч. Яшчэ троху, і прыдзе пара ўсеагульнага заспакаення. У такія хвіліны ў чалавеку з найбольшай сілай абуджаецца пачуццё аддалення ад свайго першага дня. З найбольшай астрынёй адчуваецца адзінота і хочацца мець каля сябе блізкага чалавека, які зразумее цябе і скажа табе патрэбвыя словы.
Міхаіл Палікарпавіч Галынскі агулам любіць адзіноту. Ён бывае ў таварыстве часта блізкіх, злучаных нечым агульным, людзей, але і сярод іх ён часта ў адзіноце. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, ён не знаходзіў людзей, якія маглі-б выклікаць у ім пачуццё гэткай прывязанасці. Да ўсяго ён свядома ставіўся да людзей з некаторай насцярожанасцю, баючыся, што, сышоўшыся з імі, падпадзе ў нейкай ступені пад іхны ўплыў і не будзе адчуваць сябе вольным. У асабістых адносінах да людзей ён хутчэй прывыкаў да тых, з кім сустракаўся, з кім як-бы сябраваў. У яго была прывычка, а не сяброўская прывязанасць, і калі такія сувязі выпадкова або свядома абрываліся, ён ніколі не шкадаваў аб іх. Амаль гэта-ж можна казаць і пра адносіны Міхаіла Палікарпавіча да жанчын. Ён здолен быў лёгка захапіцца і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Часта ў такую пару ён здолен быў паверыць, што ўрэшце прышло каханне і ён зможа сыйсціся з жанчынай назаўжды, але праходзіў нейкі час і, незнайшоўшы ў жанчыне патрэбнай яму паўнаты, Міхаіл Палікарпавіч раптам адыходзіў ад яе, за-