Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

табе цяжка, што і рукі ў цябе няма. Я гэта пры старонніх людзях кажу. Жылі мы з табой у адно і за адно ішлі. Пакутваў я за ўсё больш, чым ты, тваёй долі ад цябе не адабраў, жыву, як сам умею. Чаго-ж ты?

— А нічога я і не хочу ад цябе, па мне жыві, як хочаш. Я пайду, — кажа Сузон, падымаючыся з услона. — Мне трэба яшчэ на пільню схадзіць. — Ён моўчкі падае руку Міхаілу Палікарпавічу, пасля інжынеру і, урэшце, Будніку. — Вас я хацеў-бы папрасіць, таварыш Буднік, каб пасабілі мне, каб не перабірацца мне пакуль што на хутар.

— А ты і не перабірайся. Я пра арцель сур’ёзна гавару: прыеду і пасаблю вам арганізавацца. Тады і ніякай патрэбы пераязджаць на хутар не будзе.

— Але-ж да таго яны мяне сілай адтуль выкінуць. Я на давыдзюковай зямлі сяджу, а ён першы ў нас багатыр, у яго сіла, ён мяне выцісне.

— Не выцісне. Як зробім арцель, яго адтуль выціснем, а цябе ён не выцісне, гэтага ты не бойся.

— Ну, то дзякую, калі так. Я пайду ўжо. — І Сузон моўчкі падаў руку гаспадару.

— Перакусіў бы чаго, — запрапанаваў гаспадар.

— Ці я ў госці прышоў, што буду перакусваць?

— Ат! Злуеш ты няма-ведама чаго.

— Я і не злую, чаго мне на цябе злаваць? — падышоў да гаспадыні — яна стаяла каля грубкі — і развітаўся з ёю.

— Нешта, мусіць, ёсць паміж вамі? — запытаў Павел Андрэевіч, калі Сузон пайшоў з хаты.

— Што-ж паміж намі будзе. Я яго не чапаю, да мяне яму мець няма чаго.

— А чаго-ж ён, сапраўды, так трымае сябе з вамі? — запытаў Міхаіл Палікарпавіч.

— Хто яго ведае: можа зайздросна чалавеку, што я жыву не так, як ён, можа іншае што, толькі ён заўжды ўпікае мяне, вяжацца ў сварку.

Гаспадар узяў гладыш і паналіваў у шклянкі малака. — Запівайце малачком.

— Індывідуалізм заядае, — заўважыў інжынер. — Селянін, як ніхто, індывідуаліст, а індывідуалізм сялянскі — сіла, вялікая яшчэ сіла.

— Калектыўнае гаспадаранне ў арцелі прытупіць пачуццё індывідуалізма.

— Я баюся, што індывідуалізм перашкодзіць стварэнню самой калектыўнай гаспадаркі.

— З такімі ў арцелі не ўжывешся, — сказаў гаспадар пра Сузона.