карпавіч, не пазналі мяне. У нашай гаворцы не было, паколькі я памятаю, нічога такога, што магло-б навесці вас на здагадку.
— А ўсё-ж гэта надзвычай дзіўна. — Міхаіл Палікарпавіч варухнуў плячыма. — Я так часта бачыў вас за апошнія гады і ні разу нават не падумаў, што той народны вучыцель і вы — гэта адна і тая-ж асоба. Таго я памятаў і нават цяпер уяўляю, як другога чалавека. Хоць, безумоўна, — прафесар угледзеўся ў твар Паўла Андрэевіча, — у вас багата падабенства з вобразам настаўніка, якім ён застаўся ў маім уяўленні. Так, так. Бясспрэчна, вельмі багата падабенства, я цяпер гэта зусім добра бачу.
У хату зайшоў гаспадар. Ён прынёс з сабою яшчэ адзін услончык і паставіў яго да стала. Сам не сеў. Сам стаў каля гасцей так, каб быць трошку ў баку ад іх.
— Мая гаспадыня што-ні-што згатуе зараз, перакусіце. Гэта-ж такая сустрэча! Вы толькі падумайце! — Тарэнта нахіліўся да прафесара. — Чалавек вучыў нас, як жыць на свеце, цераз нас на катаргу трапіў. Вось цяпер, таварыш Буднік, і дзівіся, што з чаго вышла. Словы вашыя так сабе не прапалі. Тады, вядома, можа я, або другі хто і не ўсё, як след разумелі. Як вы кажаце, я ўсё справядлівасці шукаў, але пасля я тое кінуў, зразумеў, што праўда, яна ў кулаках, а не ў паясніцы. Пасля астрога я ні перад кім паясніцы не гнуў больш. А яшчэ, каб-жа чалавек ведаў тады, што так вось будзе! — Тарэнта развінутымі рукамі паказаў наўкола сябе. — Я-ж чалавекам стаў! — Зноў нахіліўся спачатку да прафесара, пасля да інжынера. — Вы падумайце толькі: загону зямлі ў мяне не было за старым часам, а цяпер вунь што маю. Падаўся тварам да акна і зірнуў за акно ў поле. — Цяпер не горш ад іншых жыву. І не толькі я, а яшчэ і сын. Цяпер ён, сын мой, інжынерам на электрастанцыі ў нас, а тады па сваёй ахвоце ў шаснаццаць год на фронт пайшоў.
— Не каешся, што некалі мяне слухаў? — запытаў Павел Андрэевіч.
— Чаго-ж бо мне каяцца? Ці-ж-бы я, скажам, што-небудзь меў такое, каб не рэволюцыя? — Гаспадар азірнуўся па хату, на прыгожа засланы ложак і на сіні высокі сундук, які стаяў побач з ложкам каля сцяны. — Мне грэх было-б каяцца.
— Каяцца табе такі няма чаго, — сказаў Сузон.
— Ды няма, — лішні раз згадзіўся Тарэнта.
— Ну, а дзядзька Сузон як-жа жыве? Іншыя як?