Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ



Быў самы ранак, час, калі пачынае сыходзіць з зямлі туман і з туману, паступова разгортваючы сваімі промнямі яго заслону, выходзіць сонца. Яно нэ грэе. Цмянае сонцава кола кружыцца за туманавай заслонай над самымі балотамі і вільготнай мякаццю яго сцірае з сябе санлівасць. Туман радзее, а сонцаў круг усё чысцей, усё яскравей і рухавей. Пакуль сонца ў тумане, сабраная ў кроплі раса нерухома трымаецца на мураве, і колер муравы мутнавата-зялёны. У ветры да сонца рухі няўпэўненыя і блытаныя. У птушак галасы нясмелыя, птушкі не спяваюць яшчэ, а як-бы пераклікаюцца адна з другой пасля ночы. Як толькі ўзнімецца ўгору абмытае росамі сонца, а туман пачне аплываць за асмялеўшым ветрам на ўсход, як-бы згаварыўшыся, разам пачнуць свой ранішні спеў птушкі, і густалісты асіннік і бярэзнік заварушацца, гойдаючы тонкімі верхавінамі, падстаўляючы гнуткія свае галіны пад лёгкія і ўчэпістыя птушыныя ногі. Варухнецца мурава пад ветрам і заіскрыцца расой. Залочанымі пырскамі будзе ўзлятаць з-пад ног раса, збітая з муравы, а прымятая нагамі мурава будзе павольна падымацца насустрач сонцу.

Іх трое: Павел Андрэевіч, галоўны інжынер будаўніцтва і прафесар Галынскі. Інжынер час ад часу спыняецца, азіраецца навакол і паказвае, дзе размесцяцца заводы камбіната. Інжынер хваліць мясцовасць.

— Праўда, — кажа ён, — ёсць свая прыгожасць і ў стройнасці заводскіх гмахаў, і ў рухах машын. Яе нават не менш там, чым у прыродзе, але яна іншая і мы пакуль што не ўмеем зрабіць так, каб побач з ёй захаваць і вось гэта. — Ён паказвае на прыазёрны лес.