вузел Саюза. Яна дасць энергію заводам некалькіх гарадоў, сельскай гаспадарцы і электрыфікаваным чыгункам… Брыкетны завод з вырабам двухсот пяцідзесяці тысяч тон брыкету ў год… Завод тарфяных ізаляцыйных пліт з вырабам шасці мільёнаў квадратовых метраў у год… Трыста пятнаццаць тысяч тон коксу… Завод сінтэтычнага каўчука. Папярова-картонная фабрыка… Заводы — смалаперагонны і газавы. Заводы па перапрацоўцы сапрапеляў, пакладамі якіх надзвычайна багаты шматлікія азёры, што знаходзяцца на тэрыторыі Яснаўскага масіву. Яны дадуць тысячы тон маторнага паліва, парафінаў, мецілавага спірытусу, ацэтону, воску… Заводы селікатнай прамысловасці… горад, які паві нен умясціць у сабе дзесяткі тысяч рабочых з іхнымі сем’ямі…
Далёкія балотныя імшары ажываюць ва ўяўленні прафесара. Ён бачыць, як падымаецца з багны затоптаная туды тысячагоддзямі зямля. Амалоджаная, падымае яна бясконцыя свае багацці, і, шчодрая ў сваіх дарунках, перадае іх людзям. Прафесар бачыць гэных людзей. Яны не падобны на тапельца, які некалі на яго вачах кінуўся ў возера. Яны не падобны і на тых, што некалі прыходзілі ў панскі двор прасіць Пілацеева аб сваёй зямлі. Яны іншыя.
Прафесар скончыў і сеў. Некалькі кароткіх адказаў на запытанні. Кароткае паведамленне Паўла Андрэевіча пра арганізацыю падрыхтоўчых работ па будаўніцтву камбіната, а пасля зноў, як і перад паседжаннем, прафесар з цікавасцю сочыць за тварам худашчавага сярэднерослага чалавека. Зараз гаворыць ён. Спакойна, усё з той-жа упэўненасцю ў голасе і з той-жа сілай сцверджання ў словах.
А пазней, седзячы ў аўтамашыне поруч з Паўлам Андрэевічам, прафесар нанава разглядаў і яго. Упершыню за ўвесь час знаёмства знікла насцярожанасць у адносінах да яго, якую заўжды адчуваў, і не было жадання спрачацца. Прафесар нават злавіў сябе на тым, як некалькі разоў ён горача падтрымаў Паўла Андрэевіча ў ягоных меркаваннях, і гэта некалькі здзівіла яго.