яшчэ старой закваскі і вы прабачце, калі я скажу што, не зусім прыемнае, на адрас усяе карпарацыі старых інтэлігентаў. Шмат у каго з іх некалі было больш любові да прыгожых слоў аб народзе, чым зараз да прыгожых спраў для яго. І ўсё неяк падазрона паглядаюць яны на нас нібы не вераць, што мы існуем, і не бачаць што рэволюцыя даўно ажыццявіла іхныя ідэалы і пайшла ў сваіх справах значна далей. А некаторыя гэтага спужаліся і чагосьці чакаюць. А варта было-б кінуць такое. Я не кажу пра нягоднікаў, якія шкодзяць нам: тыя ворагі. Авось так званым лайяльным варта было-б смялей за работу брацца, па-сапраўднаму. І я вельмі рад, што вы з намі, вельмі рад. Ды інакш і нельга. Хіба не праўда? а? — ён усміхнуўся, пазіраючы ў твар прафесару і яшчэ раз падаў таму руку. — Вось і згода, а ты, Павел Андрэевіч, — звярнуўся да Будніка, — за сведку будзь.
Тады і Буднік заўсміхаўся і Міхаіл Палікарпавіч адчуў сябе ў гэтай зале зусім сваім чалавекам і з удзячнасцю паціснуў руку старшыні Соўнаркома.
Прафесар упершыню бачыў так блізка гэтага худашчавага чалавека, твар якога сведчыў аб моцнай волі і бязмерна вялікай энергіі, настойлівасці, што бытавалі ў ім. Некалі ён бачыў скульптурны злепак гэтага твара. Часта бачыў яго на партрэтах. Цяпер ён упэўніўся, што ні мастакі, ні скульптар не хлусілі. У сапраўднасці твар быў яшчэ багацейшым у яго рухавасці і ветлівасці, якая час ад часу выглядала з-за суровага аблічча. Гэтага не змаглі перадаць ні мастакі, ні скульптар. Прафесар паглядаў на ягоны твар, звяраючы сваё ўражанне, слухаў як гаворыць гэны чалавек і дзівіўся ўпэўненасці, што гучэла ў ягоных словах. Было нешта агульнае ў гэтым паміж ім і Паўлам Андрэевічам, тое, што прафесар згодзен быў прылічыць да якасцей, уласцівых гэткай катэгорыі людзей. Як і ў словах Паўла Андрэевіча, у словах гэтага чалавека была яшчэ большая сіла сцверджання.
— Пад уплывам вашай запіскі, — сказаў старшыня Соўнаркома, — я зусім стаў падобны да лірычнага паэта.
— Нашаму часу лірызм вельмі патрэбен.
— Правільна. Нам патрэбна ўсё добрае і карыснае. А скажыце, Міхаіл Палікарпавіч, як у вас там жывецца? Можа патрэбы вялікія ў чым маеце? Там у вас багата каштоўнейшага чалавечага матэрыялу. Вы павінны часцей наведваць нас і патрабаваць, калі што трэба, бо, як будзеце маўчаць, мы будзем думаць, што ў вас усё добра.
— Мы гэта ўлічым, — прафесар усміхнуўся, — дзякую.
— Так, абавязкова часцей нам дакучайце. А цяпер бу-