Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не тое, што іншым панскай зямлі без ніякіх грошай панадавалі.

— А вам хіба не прырэзалі з панскай?

— Сколькі-ж яе там прырэзалі? Як дзеля насмешкі, каб адчапіцца, далі дзесяціны чатыры.

— А сваёй колькі было?

— Сваёй? — гаспадыня палахліва кінула на Ягуплу поглядам. — Столькі тае і сваёй. Вы можа малачка напіліся-б? Я ото падам зараз-жа.

Гаспадыня пайшла з пакоя, а Ягупла падняўся і пачаў разглядаць багата прыбраныя на куце іконы, перад якімі вісела лампадка. У баку ад ікон вісеў на сцяне заседжаны мухамі плакат. На плакаце нізкарослы барадаты селянін. З аднаго боку ў яго поўны мяшок дабра, а з другога — насыпаны дабром менш, чым напалову. Нешта яшчэ напісана на плакаце, але Ягупла чытаць напісанага не стаў, ягоную ўвагу заняў фатаграфічны здымак мікітавай сям’і, абсаджаны пазалочанай рамай з былой іконы, пра што сведчылі прыбітыя да рамы з сярэдзіны па кутках афарбаваныя пад золата бляшкі.

Побач з жанчынай, у якой Ягупла адразу прызнаў гаспадыню, сядзіць на здымку мужчына з кароткай, негустой барадой, над якой, падаўшыся ў бакі ад носа і ўгору да шчок, тырчаць востра закручаныя вусы. Твар у мужчыны круглы і прыплюснуты. Ён сядзіць, трымаючы рукі з выцягнутымі на ўсю даўжыню пальцамі на каленях і пазірае ў прастору перад сабою. З боку каля жанчыны стаяць яшчэ дзве дзяўчыны і пад імі наўскасяк роспіс: «Ф-графия Рембрандт». Ягупла ўсміхнуўся, пагардліва скрывіў губы і адышоў. — «Наша сіла, — сказаў ён сам да сябе. — Носьбіты нашых ідэй. Дурні».

Калі гаспадыня ўнесла гладыш з малаком, на дварэ затарахцелі калёсы. Гаспадыня зірнула ў акно і сказала, што прыехаў парабак. — А сам ён на жарабку ў воласць паехаў. Нікому жарабка не давярае, — сказала яна пра мужа.

— Жывеце вы ўсё-ж нядрэнна, як відаць, неяк-жа трымаецеся?

— Трымаемся пакуль што, каб даў бог і надалей хоць гэтак. Адно, што падатак цяжкі, але ўжо неяк адчэпішся ад яго і жывеш.

Пайшоў ад Мікіты Ягупла надвячоркам і на балота прышоў, як сонца было зусім нізка. Змораны хадзьбой, сеў на ўскраіне лесу. Лес быў на самым грудку, і цераз лес, прыгледзеўшыся, Ягупла мог бачыць паміж дрэвамі жоўтыя сцены пасялковых баракаў. Адтуль даходзіў да Ягуплы