Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чорт яго не бярэ. Ён і пры старым парадку, багата жыў, стараставаў, і цяпер жыве гэтак. Нешта ніяк да іх не дабяруцца.

— Т-а-а-к. Зусім выразны малюнак дыферэнцыяцыі вёскі, — сказаў Ягупла сам да сябе, і Сузон не зразумеў яго. Сузон, як Ягупла змоўк, загаварыў пра сябе, парашыў паскардзіцца.

— Я вось сяджу на ягоным хутары. Нас былі падзялілі яшчэ перад вайною, але багата хто не згаджаўся, то яно неяк так і цягнулася праз увесь час. Думалася ўжо, што хутары, можа, і адменяць, Аж пазалетась зноў пачалі парадкаваць зямлю і хутары пацвердзілі. Не супроць таго і я, мне на панскім хутар нарэзалі, толькі-ж куды мне з такімі будынкамі перасяляцца? Вы-ж падумайце: крані яе, — Сузон паказаў на хату, — вуглы паадвальваюцца і бярвенне ў парахню рассыплецца, а на новую ў мяне сіл аніяк няма цяпер. Я на каня і то цераз сілу ўзбіўся, дзякаваць, што ў крэдытным грошай пазычылі. А на хату-ж так лёгка не ўзаб’юся. І ці-ж мне самому мёд сядзець тут, а рабіць туды бегаць кожны дзень? Смак з гэтага мне невялікі, але сіл-жа маіх няма, я-ж калека, на вайне скалечылі, а не на печы і па-новаму закону як-бы за мяне заступацца трэба, а не за яго, багатыра, а тымчасам мяне судом высяляць пагражаюцца. Я не ведаю, канечне, ці вашая гэта справа, але паколькі вы ад рэдакцыі, то можа што і параілі-б, куды мне кінуцца? Мне каб хаця гады два яшчэ дазволілі тут пажыць, то я падняўся-б неяк.

— Та-а-к… Але-ж такі закон. Раз яму па закону ваш двор прырэзалі, то ўжо цяжка што-небудзь зрабіць. Хоць я пагавару дзе след. — Ягупла разгарнуў на калене ў сябе партфель і дастаў з партфеля невялічкую кніжачку з пазадочанымі краямі.

Убачыўшы, што ён збіраецца пісаць, Сузон подбежкам кінуўся ў сенцы і вынес адтуль невялічкі ўслон. Сядайце ды ўжо, зрабіце ласку, закіньце дзе-небудзь слова за мяне. У Шапятоўцы я цяпер самы амаль бядняк. А некалі-ж, як бралі панскую зямлю, я не апошнім быў. А пасля ўвесь час ў камбедзе састаяў…

Сочачы, як запісвае нешта Ягупла ў сваю кніжачку, Сузон схіліўся над ім кароткай сваёй барадой і спяшаўся сказаць аб сабе ўсё, што на ягоную думку належала ведаць прадстаўніку рэдакцыі, каб заступіцца за яго. Змоўк ён, калі Ягупла згарнуў сваю кніжачку і паклаў яе назад у партфель.