ПАДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
Раніцой назаўтра Будніка выклікалі з камеры да начальніка турмы, а той абвясціў, што ён вызваляецца і павінен неадкладна-ж у працягу дваццаці чатырох гадзін выехаць у адну з губерань паўночна-заходняга краю для жыхарства ў прыпісным месцы.
Вышаўшы з турмы Буднік у першым-жа кіёску купіў паперы і, напісаўшы на ёй некалькі слоў, заспяшаў у горад. У горадзе ён не пайшоў адразу да сябе на квартэру, а накіраваўся на пляц, што каля Ісакіеўскага сабора, дзе сустрэўся з хлапчуком-разетчыкам. Аддаўшы хлапчуку запіску, ён зноў-такі не пайшоў на сваю кватэру, а накіраваўся ў публічную бібліятэку, спадзяючыся спаткаць там патрэбнага яму чалавека.
У бібліятэцы Будніку напаткаць таго, каго ён шукаў, не давялося. Але затое адразу-ж, прыехаўшы туды, ён дазнаўся пра смерць Кулікоўскага.
Калі, задыхаўшыся ад хадзьбы, ён за хвіліну падняўся на пяты паверх і стаў перад дзвярыма пакоя, у якім жыў Кулікоўскі, пакой мылі. Сагнуўшыся над вядром з вадою, выкручвала анучу жанчына — круглатварая, шырокаплечая, стоячы на падлозе шырокімі ступнямі босых ног. Яна здзіўлена зірнула на Будніка і разагнулася. Трымаючы ў руках анучу, якой мерылася збіраць з падлогі ваду, яна сказала:
— Вы, пэўне, да пана студэнта прышлі? Вы, пэўне, нічога яшчэ не ведаеце? Пан студэнт наш гэтай ноччу выкінуўся з акна і разбіўся. Паднялі ў карэту ўжо зусім нежывога… Божа мой, — сказала яна ўсхвалявана, — ён-жа такі худы быў і кволы, што, здаецца, каб на зямлі спатыкнуўся ды ўпаў, дык і то разбіўся-б, не тое, што з такой вышыні…