Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ягупла стаяў цяпер непадалёк ад берагу ў вадзе і, набіраючы ваду далонямі, паліваў ёю сваё цэла, падоўгу расціраў валасатыя грудзі. Пасля, як падышоў да самага берагу, сагнуўшыся дугой, пачаў абмываць ногі. Прафесару стала смешна, што яго магло ўстрывожыць з’яўленне гэтага прыгорбленага, не ў меру каслявага, чалавека на тонкіх скрыўленых нагах. Захацелася смяяцца над сваёй баязлівасцю, захацелася рагатаць і, не ўмеючы стрымацца, прафесар падхапіўся з месца, распрануўся і адразу пайшоў у ваду, разбіваючы яе застыглую пругкасць моцнымі каленямі, падстаўляючы разгарачанае цела пад іскрыстыя халодныя пырскі. З разгону нырнуў у ваду у самы холад яе глыбінь, і паплыў там, кранаючыся рукамі пясчанага, усыпанага каменнямі, азёрнага дна. Пасля лёганька адштурхнуўся кончыкамі пальцаў ад дна, варухнуў плячыма, падняўся наверх і паплыў, займаючы ўсё большы і большы круг, адмяраючы вадзяны прастор шырокімі ўзмахамі рук.

Калі прафесар вышаў, на бераг і стаў на мураве, падстаўляючы сонцу абсыпаныя кроплямі вады грудзі, Ягупла, апрануўшыся, сядзеў на зямлі, абхапіўшы рукамі падабраныя да сябе, сагнутыя ў каленках, ногі.

— Добра, — сказаў прафесар, думаючы і пра купанне, і пра пачуцці, якія штурханулі яго ў ваду. — Значыць, будзеце пісаць пра нашу станцыю? Гэта добра. Пішыце. У нас багата цікавага. Станцыя пачалася з аднаго драўлянага доміка, у якім змяшчаліся лабараторыі і габінеты, а цяпер нашаму памяшканню лабараторый пазайздросціць сталіца. Нашы лабараторыі і габінеты абсталяваны самымі навейшымі прыборамі і машынамі. У нас свая цёпла-сілавая станцыя. У нас свае заводы. — Прафесару хацелася менавіта так гаварыць пра станцыю. У гэты час, хоць і сам ён не ведаў чаму, хоць і не жадаў гэтага, ён ненавідзеў Ягуплу, гэтага прыгорбленага, танклявага, да смешнага бездапаможнага ў хітрасці, чалавека. Прафесар ведаў, што Ягупла хацеў гаварыць з ім пра іншае. Спачатку было з’явілася такое-ж жаданне і ў прафесара, але яно цяпер прайшло, прафесар наўмысля не даваў Ягуплу магчымасці загаварыць. Сваімі словамі ён паралізаваў, яшчэ больш прыгінаў да зямлі гэтага скурчанага чалавека, на твары ў якога блукала хваравітая ўхмылка разгубленасці. — Мы навучыліся рабіць з торфу каштоўнейшы будаўнічы матэрыял. Мы навучыліся рабіць высокагатунковы брыкет. На сваім заводзе мы навучыліся здабываць некалькі гатункаў тарфянога коксу, ад буйнага кускавога да коксавай мукі. На нашым коксе будзе