павукоў і перасадзіў іх у бутэлькі. Цэлыя дні ён сочыць за павукамі і пакуль што, здаецца, нічога не ўбачыў. Мне сёння захацелася над ім пажартаваць і я падбіў яго на тое, каб ён палез лавіць павука. — Ягупла ўсміхаўся, стараючыся пазіраць прафесару ў твар і не вытрымліваў спакойнага прафесаравага погляду, вочы чамусьці затуманьваліся слязмі. — А я сам паабяцаў злавіць для павука муху, каб пакарміць яго. Ха-ха-ха! — Рогат быў штучным і нясмелым.
— Гэта сапраўды дзівацтва, — ні то пра яго, ні то пра Лёйку сказаў, прафесар. — А вы як-жа трапілі ў нашыя месцы?
— Як я трапіў сюды? Пра гэта можна багата расказаць… Дыялектыка… — Ягупла загадкава паціснуў плячыма і іранічна ўсміхнуўся. Нейкі час яны ішлі моўчкі. Як апынуліся за пасёлкам на балоце, Ягупла зноў загаварыў:
— Я наўмысля запрапанаваў купацца, каб мець магчымасць пагаварыць з вамі.
— Я зразумеў вас.
— Так, так, я зрабіў гэта наўмысля, каб пабыць з вамі. Ведаеце, Міхаіл Палікарпавіч, мне хочацца сёння філасофстваваць аб мудрай складанасці быцця і ягоных законах. Так багата перажыта за гэны час. Так багата змен! І такіх змен!
— Скажыце, а вы вершы пішаце і цяпер?
— Так, пішу. Гэта мая асноўная праца. — Ягупла не зразумеў хітра-схаванай іроніі ў словах прафесара. — Вы — людзі навукі, не цікавіцеся паэзіяй і маленькіх нас не заўважаеце. А мы таксама робім вялікую і карысную справу. Нейкае, хоць і не першае можа месца ў гэтай справе, займаю я. Я паэт яшчэ малады, з радоў так званага паслякастрычніцкага прызыву. Маю два зборнікі паэзіі. Днямі выйдзе з друку трэці. Ён будзе як-бы падагульняць напісанае мною за дзесяць год.
— А-а, вельмі рад, вельмі рад за вас. Вы, пэўне, карыстаецеся вялікай папулярнасцю?
— Як вам сказаць? Вы-ж вось пра мяне нават не чулі?
— Я што-ж, я агулам рэдка чытаю кнігі, ды яны да нас амаль не трапляюць ніколі. Маімі ведамі папулярнасці паэтаў мерыць нельга. — Цень лёгкай ухмылкі прайшоў па твары прафесара.
А я хацеў-бы, каб вы што-ні-што з майго пачыталі і сказалі сваё ўражанне. Крытыка, трэба сказаць праўду, мае зборнікі заўжды хваліць.