сур’ёзна, — і ён, каб не заўважыў Лёйка, хітравата ўсміхнуўся прафесару. Але прафесар змаўчаў. Тады Ягупла ўраз перавёў гутарку на іншае, запрапанаваў пайсці на возера пакупацца.
— Я магу пайсці, — сказаў прафесар, — зразумеўшы Ягуплу. — Да дванаццаці гадзін я вольны сёння. А вы, таварыш Лёйка, усё занятыя?
— Так, не маю я часу, хоць і дужа хацеў-бы паплёхацца ў вадзе. Хіба ўжо ў выходны дзень.
— Шкада, а то прагуляліся-б. Але-ж як няма як, дык нічога не зробіш. У мяне да вас маленькая справа ёсць. — Прафесар сеў у крэсла каля дырэктаравага стала. — А вы, Сузон Іванавіч, пачакайце, я не надоўга.
— Добра. Я пачакаю на дварэ.
Ягупла пайшоў. За дзвярыма габінета ён нездаволена зморшчыў твар і пачаў прыкусваць верхнюю губу, што рабіў заўжды, як хваляваўся. Ён спыніўся на ганку каля лавачкі і стаяў, барабанячы пальцамі, пахвілінна заглядаючы ў калідор канторы, ці не ідзе прафесар. Ягупла быў у злосці на самога сябе. Прафесар напэўне дагадаўся аб тым, што, ловячы муху, Ягупла жадаў дагадзіць Лёйку.
— Дурань, — сказаў ён упоўголаса сам да сябе і азірнуўся, ці няма каго за дзвярыма. — Трэба-ж было таму дурню надумацца лавіць павука акурат у гэны час. Даўбня, а не даследчык! — Апошнія словы ён сказаў зноў упоўголаса і зноў зазірнуў у калідор.
Збіраючыся ехаць на Яснаўскае балота, Ягупла ведаў, што тут працуе прафесар, яго даўні знаёмы, і зараней абмеркаваў, як будзе трымаць сябе, калі спаткаецца з ім. Запамятаць на мінулае і трымаць сябе ў прысутнасці прафесара зусім незалежна, гэта было асноўным прынцыпам, якім меркаваў ён кіравацца. Напэўне ён і вытрымаў-бы гэны прынцып, каб не гісторыя з мухай. Дзякуючы ёй, Ягупла паказаў сябе прафесару такім, якім быў і некалі раней, у часы першага знаёмства. Гэта тым горш, што спроба ператварыць гісторыю з мухай у жарт не ўдалася. Цяпер трэба будзе дзейнічаць па-іншаму, трэба будзе зрабіць усё, каб толькі згладзіць першае прафёсарава ўражанне.
Калі прафесар вышаў з канторы, Ягупла спаткаў яго з усмешкай.
— Дырэктар вялікі дзівак — сказаў ён, — на нейкіх курсах ён ад лектара пачуў, што для павука-крыжавіка момант яго злучэння з самкай з’яўляецца апошнім момантам яго жыцця, бо самка ў гэты час з’ядае яго. Ён настолькі захапіўся жаданнем бачыць гэты момант, што пералавіў усіх