іншым і, жадаючы разгадаць яго, прафесар парашыў абавязкова заўтра-ж спаткацца з ім.
Спатканне адбылося раніцою ў габінеце дырэктара торфазавода. Калі прафесар прышоў туды, Ягупла стаяў каля акна з прыўзнятай рукой, мерыўся лавіць муху, а сам дырэктар Лёйка, высокі, здаравенны мужчына, стаяў у куце на зэдліку і, абрадвана ўсміхаючыся, нешта асцярожненька загортваў у паперку. Ягупла, калі прафесар уваходзіў у габінет, махнуў па акну рукой, заціснуў у жменю злоўленую муху і павярнуўся тварам да Лёйкі, але змеціў прафесара і збянтэжана замітусіўся. Ён пазнаў прафесара, пра якога багата чуў у апошнія часы, імя якога часта сустракаў у газетах, і пайшоў насустрач яму.
— Паважаны, Міхаіл Палікарпавіч? — Голас быў усхваляваны. Гаворачы, ён раскрыў жменю і прафесар убачыў, як са жмені вырвалася муха. — Я так багата наслухаўся пра вас і пра станцыю, што парашыў наведаць гэныя месцы. Як-жа жывеце?
— Жыву? Добра. — Прафесар падаў Ягуплу руку і хуценька адабраў яе. Здалося, што рука яго мокрая ад раздушанай мухі, захацелася сваю руку абцерці. Збянтэжыўшыся, злез з зэдліка і Лёйка, а паперку сунуў у нутраны кішэнь пінжака. Ён падслепавата, па звычцы, прыжмурыў левае вока, пазіраючы на прафесара, і той убачыў на ягоным павеку вялікую бародаўку. Лёйка нагой адсунуў зэдлік яшчэ далей у кут, а сам падаўся наперад, каб прывітацца з прафесарам.
— Прафесар, відаць, здзівіўся, што я гэтак вось, — ён паказаў рукой на кут, дзе стаяў зэдлік. — Слабае маё месца. Я не казаў вам, а маю вялікую слабасць да прыродазнаўчых навук, раблю некаторыя нагляданні за павукамі. І сёння я павучка злавіў, як вы прышлі.
— Так, так, — голас у Ягуплы памацнеў. — Таварыш Лёйка надзвычай захапляецца прыродазнаўчымі навукамі і робіць цікавыя нагляданні за жыццём павукоў. Калі-б таварышу Лёйку больш павучыцца, я ўпэўнен, што з яго быў-бы выдатнейшы даследчык.
Ягупла ветліва ўсміхнуўся, схіліўшы твар да Лёйкі, пасля зірнуў на прафесара і пачырванеў. Усмешка сышла з ягонага твара. Але хутка ён паправіўся. Змеціўшы, што прафесара здзівіла тое, што ён убачыў, ён захацеў надаць сваім словам пра Лёйку характар іроніі, баючыся, што прафесар палічыць за дзівака і яго.
— Так, так, — сказаў ён ужо тонам лёгкай іроніі. — З таварыша Лёйкі мог-бы быць добры даследчык. Я кажу зусім