Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аксана ішла па кругу, лёганька махала над галавой насоўкай, але ўжо не кідалася поглядамі на хлапцоў, несла погляд, патуплены ў зямлю. Хлопцы-ж ад гэтага яшчэ мацней стукалі нагамі аб звоякую зямлю, ласкава ўсміхаліся ёй, спадзяючыся на яе выбар, на тое, што, заспявае зноўку, падыйдзе, махне перад тварам хустачкай, клікне за сабою ў круг.

Панадзіўся белы конь,
Памяў, пацёр дзеўкам лён…

Аксана прыпынілася перад Кастусём, сарамліва зірнула ў вочы яму, і, нібы гэтым хацела адагнаць сваю сарамлівасць, хустачкай-насоўкай дакранулася да кастусёвага твара. Кастусь звёў за спіной у сябе руку верыну і дзяўчыны, якая была злева ў яго, каб замкнуць гэтым карагодны круг, а сам, гэтак-жа як і Аксана, паклаўшы толькі на бядро правую руку, пайшоў следам за ёю. Два разы абышоў ён круг, даганяючы яе, пасля ўзяў узнятую ўгору яе руку і так павёў за сабою па кругу пад туллівую звонкую песню.

А позна ўвечары таго-ж самага дня, цалуючы на развітанне Аксану ў вусны, Кастусь прасіў:

— Ты-ж пішы толькі, часцей пішы… Добра?

— Добра, — згаджалася Аксана, не здымаючы рук з ягоных плеч. — І ты-ж пішы. А як прыедзеш узімку на вакацыі, зноў карагод наладзім…

— І ты выберэш мяне?..

— Цябе… Толькі цябе! — Сашчаперыла рукі на ягонай шыі, ірванула да сябе ягоную галаву, звонка пацалавала ў губы і, вырваўшыся ад яго, пайшла на свой двор. Ад самага парога, смеючыся, вярнулася, рукой паманіла пайсці за сабою да парога, а там зноўку абхапіла рукамі Кастусёву шыю, шчыльна прыхінулася да яго целам і, зажмурыўшы вочы, пакорліва паднесла вусны для пацалункаў.

Самым ранкам назаўтра роснай сцежкай Кастусь, а з ім Ёська Гоберман пешшу ішлі з Шапятоўкі на станцыю, каб адтуль паехаць у далёкі, вялікі горад Маскву.