ужо здзяцінеў. Моладзь зарагатала. На рогат азірнуліся старэйшыя, але нічога не сказалі.
Тымчасам з рэчкі вылезлі дзяды, мужчыны вынеслі з рэчкі саху і ярмо і, пагаманіўшы над берагам, натоўп не дружна пачаў разыходзіцца. І тады змецілі ў натоўпе Міхалку Хвойчыка. Убачыўшы комсамольцаў, ён правёў рукою па сваіх даўгіх вусах, як-бы выклікаючы гэтым рухам рукі ўсмешку, і, шырока, на ўвесь свой вуглаваты твар, усміхаючыся, пайшоў да іх, прытрымліваючы адной рукой гармонік, які вісеў на плячы ў яго.
— Ну і дзіва! — сказаў, падыходзячы. — Як радзіўся, такога яшчэ не бачыў я. Што гэта яны рабілі?
— Бога дакаралі, чаму дажджу не дае.
— Фу ты, чорт іх! — Хвойчык зарагатаў. — А я стаяў, вылупіўшы вочы, і не разумеў, чаго яны ў тую рэчку лезуць, на што дзядоў тых няшчасных мучаць. Ніколі-ж я пра гэта не чуў. Паскакаць, дзеўкі, хочаце? — звярнуўся ён да моладзі.
— Паіграй, дык паскачам.
— Тады хадземце да клуба. — Міхалка зняў зпляча гармонік, узяў яго ў рукі і пайшоў з месца, шырока расцягнуўшы яго. Спрытныя тонкія пальцы ягоныя прабеглі па жаўтаватых гузіках галасоў і гармонік, задзіраста ўскрыкнуўшы, заіграў барыню. Нехта за гармонікам пачаў падпяваць і прыпеўка, як і гармонікавы галасы багатыя, была вясёлай, задзірастай.
|
На што барыні чапец, |
І за гэтым і голас спевака, і гармонікаў голас ласкава так, што аж уяўлялася як песціць купец барыню, вымаўлялі:
|
Ба-а-рыня ты мая, |
Натоўп, які ішоў па дарозе наперадзе, пачаў рассыпацца. Старэйшыя пайшлі дадому ў вёску, а хто маладзей, спыніліся, пачакалі моладзь, і следам за ёй пайшлі прысадай на былы панскі двор, да комсамольскага клуба. Па дарозе Кастусь непрыкметна прытрымаў трошку Аксану і пайшоў поруч з ёю. — Я папрашу Міхалку карагод іграць, а ты паскачаш. Добра? Ты такая прыгожая, як на кругу ў карагодзе ідзеш…
— А так непрыгожая? — Аксана бліснула на яго вугалькамі воч.
— Вось табе і на, ледзь не папаўся я. Прыгожая і так, ого, але тады яшчэ прыгажэй.