Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

над сталом так, каб ніхто не змеціў на вачах слёзы, якія нямаведама адкуль узяліся. Паціху, але, разам падняліся з месц комсамольцы і тады з пакоя паплыла на двор ціхая, поўная тугі пахавальная песня па таварышу.

Калі песня змоўкла і комсамольцы асцярожна селі на месцы, Міхаль хвіліну памаўчаў, стоячы з патупленымі ў стол вачыма, пасля перамог сябе, зірнуў на комсамольцаў і зноў загаварыў.

— А цяпер, — сказаў ён, — мы выпраўляем нашых лепшых комсамольцаў у Маскву вучыцца. Хто з нас, або з нашых братоў мог дзе вучыцца пры старым рэжыме? Тады вучыліся толькі сынкі ды дочкі буржуяў ды панкоў, а рэволюцыя нам у навуку дзверы адчыніла, як і ва ўсё жыццё адчыніла дзверы рабочым і сялянам. Значыць недарэмна нашы таварышы за рэволюцыю на фронт ішлі і недарэмна за яе таварыш наш аддаў сваё жыццё. На гэтым дазвольце мне скончыць і абвясціць сход зачыненым.

А хвіліны цераз дзве комсамольцы, усім гуртам, як ішлі, стаялі на самай сярэдзіне таполевай прысады і дзівіліся ў поле. Полем да рэчкі рушыў вялікі натоўп мужчын і жанчын. Спачатку комсамольцы падумалі, што зноў, як і пяць дзён таму назад, сяляне спраўляюць у полі малебства, каб пайшоў дождж, але, прыгледзеўшыся да натоўпу, яны не змецілі ў ім ні прошчы, ні крыжа. Гэта здзівіла іх і, каб даведацца, у чым там справа, комсамольцы ўсе разам пайшлі да сялян.

Каля рэчкі натоўп, на чале якога ішлі Мікіта Шкробат і Арцём Піскун, ды яшчэ дзевяностагадовы бацька Давыдзюка Ахрэма і такога-ж узросту піскуноў бацька, спыніўся ў такім месцы, дзе акурат да самай рэчкі амаль даходзіла поле, засеянае ярыной. Каля пяці тыдняў мінула з таго часу, як прайшоў над шапятоўскім полем невялічкі дождж. З таго часу ўсе дні над Шапятоўкай стаіць спакойнае ў сваёй сіняве, чыстае неба. Дзесьці бокам, з глухімі грымотамі або без іх, паказаўшыся з-за небасхілу толькі краем сваім, праплываюць хмары. Кожны вечар хмары з усіх бакоў з-за небасхілу паказваюцца, неба над небасхілам мутнее, усё паказвае як-бы на тое, што ноччу, ці да ранку збярэцца дождж, а раніцою зноў неба чыстае і ў ім гарачае сонца. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі, вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны, Побач з полем паплавамі, як ніколі за гэныя гады сухімі, цячэ Хвошчаўка. Перасохла і яна, апала, агаліла крутыя свае берагі і прысмірнела.

Ад натоўпу аддзяліліся Арцём Піскун з Мікітам Шкро-