памёр; мне дакумэнты свае аддаў і скончыўся. Я пасля некалькі дзён як непрытомны хадзіў і, каб не Ёська, можа звар’яцеў-бы, Дужа неяк пасля гэтага страшна зрабілася, смерці, як ніколі, баяўся… А цяпер чаго-ж баяцца? Рабфак, гэта табе не фронт… — Ён усміхаецца і за ім, патупіўшы вочы ў стол, усміхаецца Аксана.
Пытанне пра пасылку на вучобу ў рабфак пры маскоўскім Ламаносаўскім электратэхнічным інстытуце стаяла апошнім у павестцы дня сходу. Калі дайшла чарга да гэтага пытання, Міхаль растлумачыў, што з Масквы з рабфака атрымана паперка на імя Кастуся Шкробата і Ёські Гобермана, якім ячэйка і дае сваю рэкамендацыю. — Даём мы ім ад бюро ячэйкі такія прыблізна рэкамендацыі, я прачытаю рэкамендацыю на Кастуся. Вось… «Шапятоўская ячэйка КСМБ рэкамендуе для паступлення на рабфак Ламаносаўскага электратэхнічнага інстытута члена комсамола з дваццаць трэцяга сакавіка тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатага года, або з першага дня арганізацыі ячэйкі КСМ, таварыша Кастуся Шкробата, як прыкладнага і вытрыманага комсамольца і зусім палітычна надзейнага грамадзяніна Совецкай рэспублікі. Таварыш Шкробат К. у дзевятнаццатым годзе, па мабілізацыі комсамола, добраахвотна пайшоў у Чырвоную армію на фронт, дзе прабыў да сканчэння грамадзянскай вайны, што і сведчыцца. Сакратар бюро ячэйкі КСМ такі-та, члены бюро ячэйкі КСМ такія-та…» — Міхаль паклаў паперку, на якой была напісана рэкамендацыя, на стол. — Згодны з такой рэкамендацыяй?
— Згодны.
— Усё правільна.
— Тады, хто за такую рэкамендацыю, прашу галасаваць. Так. Усе. А цяпер рэкамендацыя Гоберману Ёську.
Рэкамендацыя на імя Гобермана Ёські слова ў слова паўтарала рэкамендацыю кастусёву.
На гэтым сход скончыўся, але перад тым, як зачыняць яго, Міхаль памеркаваў аб нечым, стоячы каля стала, і пасля нейкім, па-незвычайнаму ўрачыстым і чамусьці саромлівым голасам, прыпомніўшы свой выпускны вечар на павятовых палітасветных курсах, сказаў:
— У дзевятнаццатым годзе, прыблізна ў гэткі-ж час, мы выпраўлялі трох сваіх лепшых комсамольцаў на фронт бараніць Совецкую рэспубліку. Абавязак гэны таварышы нашы выканалі з гонарам. Адзін з іх, вядомы ўсім вам таварыш Жук Рыгор, з фронта не вярнуўся, аддаўшы сваё жыццё за рэволюцыю. Я прашу ўшанаваць яго памяць уставаннем і спець пахавальны марш. І сам моўчкі схіліў галаву