лётаюць сіняватыя іскры. Іскры выляталі на сярэдзіну хаты з-за печы, ад парога і пасля доўга насіліся па ёй, пакуль ападалі на стол, на падлогу, або на ложак. Падалі яны і на яго коўдру. Упадзе іскра і свеціцца сінім агеньчыкам. Каб не згарэла коўдра, ён рукою змятае іскры на падлогу. А якія не можа дастаць рукою, лежачы, скідае, падняўшыся з падушкі. Але іскр у хаце ўсё больш і больш. Цэлымі табунамі носяцца яны па хаце, вылятаючы з ружовага полымя, якое з’явілася каля парога. Цэлымі табунамі садзяцца іскры на коўдру. Схінаецца над коўдрай Кастусь, змятае іх абеімі рукамі, пасля проста стрэсвае іх з коўдры, але яны ляцяць на ложак, што ў ягоных нагах, на якой спяць бацькі, і тады голасна, на ўсю хату, скідаючы з сябе коўдру, ён крычыць:
— Пажар! Тата! Пажар!.. — а сам спуджана падае на падушку, адчуўшы за плячыма холад, і пальцамі драпае сяннік, шукае коўдры і яшчэ крычыць аб пажары. Перапалоханыя бацькі злезлі з ложка. Бацька стаіць над ім, укрывае яго коўдрай і супакойвае, а побач стаіць і дрыжыць уся маці. У руцэ ў яе кварта з вадой, якую яна сама не ведае для чаго ўзяла, як закрычаў Кастусь. Ад страху дрыжыць яна ўся ідрыжыць рука, у якой кварта з вадой. Вада боўтаецца ў кварце і патроху выліваецца ёй на ногі. Ад ног па целу падымаецца холад. Калі холад дабіраецца да плеч, у яе самі пачынаюць стукацець зубы.
— Што-ж гэта, божа мой… — шэпча яна і не можа скрануцца з месца, каб паставіць на лаўку кварту, якая ёй зусім непатрэбна. Шэпт яе чуе Кастусь і, паказваючы рукой у парог, кажа:
— Пажар! — там гарыць, патушыце…
— Нічога, сынок, не гарыць. Табе здалося. — Бацька хавае кастусёвы рукі пад коўдру, засні, хоць троху.
— Патушы, там гарыць, — настойвае Кастусь і падымае з падушкі галаву, каб паказаць, дзе гарыць.
— Добра, я патушу, зараз патушу, а ты засні. Заплюсні вочы і засні.
Кастусь заплюсквае вочы і ляжыць нерухома і ціха. Асцярожненька на цыпачках ідзе з месца маці і ставіць на лаўцы каля вядра кварту, а сама становіцца плячыма да печы, каб сагрэцца, і стаіць так ледзь не да самага ранку. Адтуль, з-за белай печы, непрыкметная маці, яна ў белай кашулі, пахвілінна паглядае на кастусёў ложак і прыслухоўваецца, ці не варочаецца ён, ці не трэба яму чаго. На запечку нерухома сядзіць, прытуліўшыся плячыма да печы, бацька. Ёй доўга сядзіць моўчкі, пасля паціху гаворыць