чаравых яна не зразумела і не адказала на іх. Тады суседка кранула яе за плячо. — Ганна! пытаюць, ці спіць ён? Ці спакойна спіць?
— Які ўжо там сон? Гаворыць усё нешта ў сне, варочаецца. Мой вы дарагі таварыш фельчар. Можа-б вы, калі гэта няцяжка, яшчэ наведалі-б яго. Дужа-ж баюся я…
— Я наведаю, вечарамі буду заходзіць. Цераз чатыры дні міне крызіс і хлапец ачуняе, вы толькі сцеражыцеся, каб яшчэ хто ў хаце не захварэў.
— Мы старыя, можа не захварэем, мы гэта тут во спім, — яна паказала рукой на ложак, — а дачка на палацях спіць.
— Гэта добра, што на палацях. Але і самім трэба сцерагчыся. — Фельчар загаварыў пра тыфус, пачаў тлумачыць жанчынам, як ад яго можна ўберагчыся. Да гаворкі прыглухоўваўся, лежачы на ложку, і Кастусь. Ні жанчын, ні фельчара ён цяпер не бачыў; пазіраў на чырвоную сцяну, спакайней так было для воч. Ляжаў нерухома, выцягнуўшыся на ўсю даўжыню, і думаў пра фельчаравы словы адносна крызіса. Пра тое, што можна ад тыфуса памерці, ён нават не ўмеў падумаць, настолькі гэта было незразумелым. Думка пра смерць асацыявалася з уяўлейнем пра адчуванне, якое было, калі фельчар дакрануўся да яго спіны халоднымі пальцамі сваіх рук. Здавалася, смерць можа прыйсці толькі так, падкраўшыся ззаду, і Кастусь інстынктыўна яшчэ шчыльней туліўся плячыма да падушкі, баючыся павярнуцца да яе тварам. На сцяне ўгары перад вачыма мітусіліся нейкія цені і, углядаючыся ў іх, Кастусь чуў аднекуль здалёк, нібы ціхую фельчараву гаворку. — «Навука такога яшчэ дасягне, — гаварыў фельчар, — што чалавеку зусім не трэба будзе столькі багата харчоў. Вынайдуць вучоныя такія пілюлі, што праглыне іх адну або дзве чалавек і сыт будзе, зусім сыт будзе, як-бы і багата чаго з’есць»… — І Кастусь уяўляў, што пілюлі будуць у маленькіх каробачках з картону і чамусьці ўяўляў, што абавязкова яны будуць белыя. Яму нават здалося, што такія пілюлі ён дзесьці раней ужо бачыў. Напружваючы памяць, ён прыпомніў, што бачыў іх некалі ў поездзе ў аднаго чалавека, які быў у даўгім штацкім паліце. Ён час ад часу вымаў такую картонную каробачку з кішэні, даставаў з каробачкі кончыкамі пальцаў кругленькія, як зерні, белыя, як снег, пілюлі і глытаў іх, а пасля запіваў вадою.
З гэтымі думкамі Кастусь задрамаў і не чуў, калі ўсе разышліся з хаты. Праснуўся-ж ноччу і здзівіўся, што ў хаце цішыня і ўся хата запоўнена ружовым святлом, у якім