крэсла. Яна здзіўлена зірнула на Кастуся, ды так і не зводзіла нейкі час погляду з яго, змеціўшы ягоны чырвоны, злёгку адутлаваты, твар, што было зусім ненатуральным дая здаровага чалавека. Яе здагадку пацвердзілі складкі на ягоным ілбе і нерухомы погляд, як-бы застыглых, ашклянеўшых вачэй.
— Ты, таварыш, нездароў? — запытала яна.
— Чорт яго, нешта не зусім добра, але гэта глупства, — і Кастусь паспрабаваў усміхнуцца. Па ўсмешцы дзяўчына дагадалася, што яму зусім нядобра.
— Табе трэба ў больніцу, таварыш, На цябе зірнуць страшна.
— Ну, ужо і ў больніцу! — зноў злёгку ўсміхнуўся Кастусь. — Мы толькі што дэмабілізаваліся, нам дадому трэба, ў сваю ячэйку, а не ў больніцу.
— Дадому ты такі не пойдзеш, — запярэчыў Ёська. — Ты і ног туды не давалачэш.
— Яшчэ і цябе давалаку, гавары вось хутчэй пра справу ды пойдзем.
— А далёка вам ісці?
— Да Пагулянкі, а там яшчэ дваццаць вёрст з гакам.
— Ну, то табе, таварыш, няма чаго ісці ў такую далеч. Табе трэба ў больніцу.
— У больніцу я не пайду. Пайсці мне ў вашу больніцу, значыць і ногі там выцягнуць. Я прастудзіўся троху. Прыду дадому, адпачну і ўсё пройдзе і ніякая больніца не патрэбна будзе мне. Добрая справа: к самай вясне ў больніцу класціся. Ды мне варта дадому, прыйсці ды пад’есці добра, дык усе хваробы як рукой здыме. — На гэты раз, паверыўшы, што так і ёсць, як ён гаворыць, Кастусь, падбадзёраны сваімі словамі, усміхнуўся радасней, так што і дзяўчына ўсміхнулася, захацела паверыць у ягоныя словы.
— Ну, глядзі, а то каб не было яшчэ горш.
— Горш не будзе. Заўтра-ж сонца засвеціць, вясна, — ён зірнуў у акно, дзе ўсё яшчэ хоць не так, як уначы, кружыла мяцеліца. — А калі ўжо так спатрэбіцца больніца, дык я і ў Пагулянцы яе знайду, хоць бліжэй да хаты. А тут ляж толькі ў больніцу, дык і не ўстанеш ніколі больш. Вы нам дайце для ячэйкі, можа што ёсць, кніжак хоць якіх, і мы пойдзем.
— Добра, я зараз. — Дзяўчына ўстрасянула падстрыжанымі валасамі, прыгладзіла іх рукой і пайшла некуды ў суседні пакой, адкуль хутка вярнулася з ахапкам кніг, свежых газет і плакатаў. Усё гэта яна паклала на стол, а тады аднекуль з-пад кніг выняла пакет, з яго выняла