Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

працягнула да бацькі ліст, а сама крутнулася да іх плячыма і пайшла за зруб са схіленай да зямлі галавой.

— Як-жа ж гэта? — Мікода на хвіліну аслупянеў на месцы, аглушаны спуджаным марыліным крыкам, а пасля засумяціўся, неведаючы, што рабіць. Кінуўся быў пайсці дадому, але зачапіўся нагамі за грудок трэсак і вярнуўся назад. — Дык што-ж гэта такое? Сынок… Адзін быў і таго… — Сам збаяўся вымавіць слова, усё яшчэ не жадаючы верыць у яго. Узяў з тарэнтавых рук ліст, зірнуў на яго і пайшоў з лістом, цяжка пераступаючы цераз трэскі і жэрдкі, на якіх ляжала бярвенне. Пайшоў не на дарогу, а нацянькі цераз поле. Ідучы, спатыкаўся, але паскараў увесь час свае крокі, спяшаючыся як мага хутчэй данесці ліст да Івана Пятровіча. Як пайшоў ён, Тарэнта з Сузонам так і застылі на месцы, пазіраючы ўслед яму. У Тарэнты нарадзілася раптам адчуванне, нібы неяк нядобра зыходзіць, што вось ягоны сын жывы, здаровы і мяркуе ехаць вучыцца, а Рыгора забілі. Падумаў ён, што ў Мікоды будзе на ягонага сына з-за гэтага крыўда і хоць ведаў, што нічым Кастусь не вінен у рыгоравай смерці, усё-ж не мог вызваліцца ад гэтага адчування і адтаго першым загаварыў, выказваючы спачуванне Мікоду.

— Гэта-ж трэба, такое гора чалавеку…

— Ды ў такі час, акурат, як вайна скончылася, калі ў самы раз ісці дадому, ды жыць-бы. І такі хлопец…

— Хлопец з галавой быў.

З-за зруба вышла, патупіўшы ў зямлю вочы, Марыля.

— Дык што-ж ён там піша? Як-жа гэта яго забілі?..

— Як наступалі. — Голас Марылін дрыжэў, зрываўся. — Куля трапіла ў грудзі, у сэрца, мусіць. Як упаў, дык і слова не сказаў.

Тарэнту прыпомнілася вайна, акопы, параненыя. Усё гэта было для яго знаёмым. Ён уявіў сабе, як ішлі чырвонаармейцы ў наступ і ўгадаў, што ўпаў Рыгор наперад тварам на зямлю, бо бег, крыху сагнуўшыся. Падумаў, што, напэўне, побач з ім ішоў і Кастусь. Значыць, гэтак-жа тварам на зямлю мог упасці і ён, і ад думак толькі задрыжэў увесь і, адчуўшы, як балюча крывіцца твар, каб не заўважылі гэтага Сузон з Марыляй, мятнуўся з месца і палез на зруб.

На рыштаванні гнуліся пад нагамі ў Тарэнты тонкія дошкі і дрыглівыя ногі ішлі па рыштаванню нясмела, няўпэўнена. Баючыся ўпасці, ён рукою трымаўся за бервяно, аж пакуль падышоў да сцяны, а тады стаў на месцы каля вугла, дзе была ўваткнута ў бервяно сякера, і доўга стаяў