— Зусім, падчыстую. Няма як страляць, дык забракавалі. Ды ўжо і наваяваўся я.
— Дзіва, што наваяваўся. Гады-ж тры, здаецца, на той і на гэтай ужо два гады амаль.
— Ну так, каля пяці гадоў. Цяпер-то хоць ведаў, за што ваяваў. Бывала, сядзіш дзе-небудзь, ды думаеш, што калі цэл застанешся, дык хоць будзе куды прысці, ведаў, што на сваю зямлю прыду… Ну, а ты дадому хутка?
— Ды зараз-жа, зайду да аднаго тут на хвілінку і паедзем, ідзі масціся. Гнядую-ж маю можа прызнаеш?
— Чаму-ж не прызнаць?
І цераз некалькі хвілін яны рушылі з волвыканкомаўскага двара на местачковы пляц, а адтуль у завулак, што вёў да гасцінца.
Як паехалі, Тарэнта ўскочыў на калёсы і доўга стаяў на калёсах каленкамі, трымаючыся рукамі за білы драбінак, сачыў, як лёгка збягаюць з местачковага пляца ўніз у завулак калёсы, падганяючы старую, гнядую мікодаву кабылу. У завулку суха і калёсы коцяцца роўна, аж да самага канца завулка, дзе пачынаецца шырокі раз’езджаны гасцінец, абсаджаны па баках бярэзінамі. Нейкі час дарога іхная будзе ісці гасцінцам, аж да самага лесу, а ў лесе зверне направа і пачне віцца: то вузкай паскай паміж густога маладога хвойніку, то шырокай грэбляй у гаі; то разгонна і проста ляжа між бору, то шырокім шляхам між палёў. Старая, даўно знаёмая дарога. Кожная канава, кожны пень і куст, і кожнае дрэва, што расце каля дарогі, — усё гэта даўно знаёма Тарэнту. Але прайшло два гады, як не хадзіў ён па ёй, і зараз доўга стаіць каленкамі на калёсах, углядаючыся ў прасцяг гасцінца, як у нешта невядомае.
— Значыць, ты цяпер ужо зусім дадому? Добра, акурат да часу прыедзеш; сын з дому, а бацька дадому. Ці ты, можа, пра сына і не ведаеш яшчэ?
— А што? — уставіўся ў мікодаў твар Тарэнта адным сваім вокам.
— Ваяваць пайшлі: і твой, і мой, і Ёська кавалёў.
— Як гэта пайшлі? — не разумеў Тарэнта. — Куды?
— Ваяваць, я-ж кажу. Зімой папісаліся ў комсамол, а тыдні два таму назад атрымалі з горада паперку аб мабілізацыі і пайшлі.
— Такі ў войска пайшлі? — усё яшчэ не верыць Тарэнта.
— А няўжо-ж куды. І сын мне ліст прыслаў, што хутка іхная часць на фронт нібы паедзе.
— Як-жа гэта? — усхвалявана замітусіўся на возе Та-