Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мала што ўсе. Мне можа ўсе і непатрэбны, — загадкава кажа Аксана. А сказаўшы, спынілася па дарозе над канавай і запляскала далонямі. — Глянь, глянь!

— Што там такое?

— Вужака папаўзла ў канаву.

— Табе можа здалося! Кастусь згінаецца да зямлі поруч з ёй.

— Добрае здалося. Я заўважыла, як яна ссунулася з грэблі.

З-за лесу зусім яшчэ нядаўна вышаў месяц і цмянае святло яго яшчэ не здолела разрэдзіць вячэрніх змрокаў. Адтаго і цяжка рагледзець Кастусю, што робіцца ў мураве, якой абраслі берагі канавы.

— Ніякай вужакі там няма, — кажа ён і мерыцца падняцца, а Аксана ўгэты час хоча яшчэ ніжэй нахіліцца над канавай і яны стукаюцца галовамі, войкаюць, а пасля абодва весела рагочуць і Кастусь зусім ужо смела бярэ Аксану абодвума рукамі за плечы, пазірае ў вузкія шчыліны яе воч, адкуль іскрацца чорнымі вугалькамі яе зрэнкі, пасля раптам туліць яе да сябе, парыўчата цалуе ў вочы, потым некалькі раз у шчаку і ўрэшце заціхае, упіўшыся пацалункам у яе вусны. Яна сіліцца адарвацца вуснамі ад яго, закідае далёка назад галаву так, што аж бачыць над самай галавой неба, калі на момант раскрывае вочы, але, адарваўшыся, не ідзе ад яго, не вырываецца з ягоных рук і ён зноў, яшчэ мацней, туліць яе грудзямі да сябе і зноў моўчкі цалуе яе твар, пакуль зноў не ўпіваецца пацалункам у вусны. І зноў сіліцца адарвацца Аксана, адкідаючы назад галаву, і на гэны раз вырываеца з рук і ідзе па дарозе назад да вёскі. Следам за ёю ідзе моўчкі і Кастусь. Доўгі час ён не асмельваецца загаварыць, не ўмеючы вытлумачыць сабе таго, што толькі што зрабіў. Урэшце, калі Аксана паскарае крокі, каб хутчэй дайсці да двара, які зусім ужо блізка, Кастусь нясмела пытае:

— А ты, Аксана, напішаш мне, калі я прышлю табе ліст? — Аксана павяртае да яго галаву і высока ўскідвае востракрылыя бровы.

— Дык, няўжо-ж… а я ўсё не веру, што гэта праўда… А ты напішаш?

— Я напішу, адразу-ж, толькі ты адказ прышлі. Прышлеш?

— Прышлю… А ты пішы на татава імя, каб ніхто не ведаў…

— Добра. — І пакуль ён мерыцца сказаць яшчэ нешта, Аксана бягом бяжыць да парога і знікае за дзвярыма.